Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/101

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Часам у гумарыстычным асьвятленьні малюе пясьняр гаротную долю селяніна, але гэта горкі сьмех скрозь сьлёзы чыста гогалеўскі, душу шчэмячы сьмех:

Ці-ж ня дурань мужык гэта:
Гарэ, сее усё лета,
А як прыдуцца дажынкі,
Няма збожжа ні асьмінкі,
А даждаўшы на каляды,
Мужыкі мякінцы рады.
   Дык крычыце-ж, біце у звоны:
   Дурны мужык, як варона.
Глядзі, касьцёл аж да неба,
Воласьць бляхамі пакрыта...
Срэбрам скрые, калі трэба,
Бо за гэта яго біта;
А сам жыве ў мокрай яме,
Дзьверы заткнуў анучамі.
   Дык крычыце-ж, біце ў звоны:
   Дурны мужык, як варона.

Мяккім і пяшчотным гумарам, поўным засмучэньня і ціхай развагі, павявае ад вершаў Багушэвіча, якія малююць побыт селяніна. Наадварот, у вершах, рысуючых працілеглы соцыяльны стан, адчуваецца жоўчнасьць, заўважаюцца сатырычныя малюнкі, поўныя злосьці ды абурэньня.

Агідны і брыдкі самы знадворны выгляд пана, як малюе яго поэта:

Рукі ў яго, як падушкі,
Як кісель, жывот дрыжыць.

Агіднае па выгляду панства ня лепш і з боку унутранага: яно зьвязана з моральнай распустай, ашуканствам і паразітарным жыцьцём ("Ахвяра", "Быў у чыстцы"). Пан нават у сваіх гуманных імкненьнях аказваецца прыгнятальнікам селяніна. У вершы "Скаціная апека" пан выступае ў якасьці абаронцы жывёлы, але гэтая гуманнасьць дорага каштавала селяніну: ён быў пабіты, абабраны, кабыла яго здохла. Сумна разважае наш небарака:

Вот дык дажыўся. Узналі-б іх злыдні,
Што над кабылай такая апека,
Што з голаду здохла, прастаяўшы тры дні,
Але біць няможна. Мяне-ж, чалавека,
Зьбілі, як хацелі, і дабро мне гіне.
І німа апекі нада мной ніякай.