ХІV
Знік з каганецкай зямлі апошні немец.
Разам з прыглушаным тупатам конскіх капытоў згубілася ўпэўненасць у тым, што мястэчка „пераскочыла вайну“, як вузкую канаву. Па абшарах цішыня.
Местачкоўцы да таго збянтэжаны, што нават згубілі сваё пастаяннае „што рабіць?“ і вось апошняя апора аслабленай волі — бог.
Пачынае вастрыць сваю зброю каганецкае духавенства.
Замест аднаго рабіна, якога малое мястэчка не можа трымаць на сваім слабым карку, яно мае трох ганаровых падрабінаў. Так іх тут называе і сялянства — падрабіны. Тры падрабіны кіруюць невялічкай сінагогай, у „судны дзень“ тры падрабіны — нябесныя адвакаты — па чарзе бяруць на сябе абавязкі падносіць грознаму суддзі Адэнаю ўсе каганецкія малітвы і прыносяць назад, вызваленне ад грахоў. У звычайныя дні яны развязваюць вузлы ўсіх звычайных стычак і непаразуменняў паміж каганецкага насельніцтва. У звычайныя дні яны ўсёроўна незвычайныя людзі.