Вось уваліцца ў адну з ям, што сам выкапаў, вось… Не. Пераскочыў.
Конь увесь замылены. Твар конніка чырвона-сіні, спалоханы. Вакол алавяных вачэй дробныя зморшчынкі, і ад шпаркай язды ў яго разяўлены рот, нехапае паветра. Пышнавусы імчыцца далей, кінуўшы каганецкім на развітанне два словы:
— Козак — піф!
Усе яго добра разумеюць.
Рыжы Антось зусім не радуецца нямецкаму правалу. Гэта яму бадай усёроўна цяпер, але яго ўласная тэорыя — тэорыя інваліда вайны і старога ваякі — бярэ верх…
Сляпы доўга гаворыць без слоў выразістымі рукамі, урэшце кажа ўголас:
— Аг-га!
Ніхто яго ўжо не слухае. Каганецкім цяпер не да тэорый. У вайсковыя навукі іх уцягваюць без іхнай уласнай на гэта згоды.
— Ірачка, — шэпча ёй Левін на вуха. — Трэба зараз-жа спаліць падручнік нямецкай мовы, а то казакі…
Іра не слухае да канца і бяжыць з кніжкай дамоў.
Зноў выслізгваецца з пальцаў хвост павы-купавы…