чым летам у ім вырастуць не яблыкі — а апфельс, не слівы — а пфляумен.
— Дэр-ды…
І зусім блізка ў лесе бухае стрэл, другі…
Пошчакі растуць і павялічваюць сілу выбухаў.
Левін з Ірай выгаварваюць „дас“ няўпэўненымі галасамі і бягом з саду на вуліцу.
Навакол рыжага Антося з яго вогненавалосай Агаткай тупаюцца ўстрывожаныя людзі. З вуснаў сляпога яны слухаюць тлумачэнне інваліда вайны:
— Ага! Што я вам раней казаў?
— Мала хто дзе страляе, — не здае сваіх пазіцый маці Іры. — Хай сабе страляюць!
Рыжы Антось зусім не цікавіцца яе адпорам. Ён прыслухваецца доўга да нейкіх выабражаемых гукаў.
— Што за тупат?
— Дзе? Табе, Антось, хіба сніцца.
Вялікая ўпэўненасць у пальцах правай рукі Антося. Вось як-бы гаворыць пальцамі, гаворыць гнеўна: „Мне не сніцца“.
Праз поўхвіліны ўжо ўсе чуюць. На іржышчы вырастае фігура конніка. Набліжаецца і расце.
— Вось ён… Вось ён…
— Э-э-э! Стары знаёмы…
Гародамі ён прабіраецца на вуліцу. Каганецкія яго пазнаюць. Пышнавусы немец, чалавек з вялікімі і рознастайнымі здольнасцямі. Ён паганяў іх нагайкай пры чыстцы школы і крычаў „флінк“; ён раскопваў на гародах каганецкія „Пампеі“; ён…