— Ах ты! Якое шчасце! Аказваецца, што доктар не байку баяў… А можа памаглі зёлкі і раса?
Сонца… Неба…
Антось жмурыцца, аглядаецца туды і сюды, як злодзей. Ён хоча ўкрасці для ўсё сонца, усё неба.
Вось цяпер бачыць сваімі ўласнымі вачыма: Ляксейка выцягнуўся, як сцябло. Ці-ж у яго гады араць і касіць? У Агаткі галоўка — чырвоны мак. Усе радуюцца, што тата зноў бачыць пачаў.
Антось, як разведнік, паглядае на іх і сумуе: Ляксейка худы, жончын твар у маршчынах, Агатка бледная. Ён, на што таіцца, і раней уяўляў іх выгляд, бо часта кончыкамі пальцаў мацаў іх, але мацаць і ўяўляць зусім не тое, што бачыць…
— Ну ўжо цяпер сам вазьмуся за гаспадарку. Палягчэе вам, бедным.
Ходзіць рыжы Антось па двары, пасвіствае ды пазірае на нова здабыты ім свет ліній і колераў. Не ведае, куды раней пайсці — усюды цікава. Выпраўляецца на гумно, у поле, у лес. Шалушацца на хваінах тонкія лушпайкі кары, дрыжаць яны, круглыя, празрыстыя і ружовыя на сонцы, як дзіцячыя вушкі. У нябеснай бірузе купаюцца птушкі. А вось пад снежнай бярозай мухамор — кроў з белым гарошкам. На шурпатым карчы паўзе бурая мурашка.
Рыжы Антось так захоплен усім гэтым, што не зварочвае ўвагі на гукі. Разгубіў гукі, нібы рас-