Перайсці да зместу

Старонка:Набліжэнне (1935).pdf/135

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Мые вочы ранічнай расой, жмурыць іх, доўга стаіць з апушчанымі павекамі, ружовымі ад сонца. Вось зараз… Павольна расплюшчвае вочы. Вось зараз. Водзіць асцярожна галавою і ловіць пальцамі паветра, нібы павуцінне раздзірае.

— Ну, хоць шчылінку святла, таўшчынёю ў волас дзіцяці. Ах ты…

Бабы зёлкі прыносяць:

— Заварыць, як чай, і вочы мыць тры разы на дзень.

З кожным днём пачынае абвастрацца, як брытва яго слых. Ловіць шолахі і гукі з той смагласцю, нібы павук муху. Як скупы песціць золата, песціць рыжы Антось людскія галасы.

І ўсё прывыкнуць не можа да сваёй егіпецкай ночы. Лягчэй і хутчэй да яго слепаты прывыкаюць хатнія, родныя. Ляксейка вечна заняты гаспадаркай, жонка каля печы і на двары, у хлявах. Адтуль далятае да яго яе заклапочаны голас. У яго, Антося, нічога не пытаюцца. Непатрэбны ён… Чужы…

Чужы?

Васьмігадовая рыжавалосая Агатка туліцца да яго, лашчыцца, як кацянё, ды ўсё гладзіць яго руку — сіраціну — без мазалёў.

— Татка… бедны мой…

Шчэміць сэрца. Не. Больш выць ні за што не будзе. І працэджвае скупа праз сціснутыя зубы.

— Кінь, Агатка…