вуліцы за бацькам і сынам плача зусім чужая ім — салдатка Гануля. За ёю не могуць стрымлівацца і каганецкія…
Салдатка Гануля ходзіць за возам, ломіць рукі мяркуе сама з сабою:
— Як лепей: вярнуцца дамоў сляпым, ці памерці ад ран у больніцы?
Яна не ведае, як лепей…
Рыжы Антось знаёміцца з сваёй гаспадаркай. Вобмацкам, блытаючыся, як п‘яны, мацае пальцамі кароўку, каня і мармыча:
— Вось тут на лбе ў яго лысінка… Вышэй калена правай пярэдняй нагі белая палоска…
На гумне ён ціскае двума пальцамі жытні колас, лічыць зёрны.
— Ах, ты! Ледзь у яму не ўваліўся. Тут ямы не было раней.
І хто-б мог падумаць, што зрабіць „агляд“ маленькай гаспадаркі так цяжка…
— Ах ты! Вечная ноч. Магіла…
Нутраны памятны ад нараджэння зрок дражніць яго, як нягодны раздураны хлапчук, спакушае сінім небам, сонечным возерам, водарнымі ляснымі палянамі з мігатлівымі вушастымі зайцамі, мядзянай карой сасны і вадзяністым водсветам пілы…
І доктар і міласэрдныя сёстры абяцалі:
— Дома, на свежым паветры, на расе…