Старонка:Места Менск у канцы XV і пачатку XVI ст.pdf/4

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

З першых княскіх намесьнікаў ў Менску мы ўжо з пэўнасьцю можам назваць, на основе крынічных даных, імя намесьніка толькі у 1473 годзе. Гэта быў князь Іван Юравіч Жаслаўскі, якому вялікі князь аддае загад, каб намесьнік увязаў гаспадарскую даніну пісару гаспадарскаму Васку Любічу[1]. Пасьля Івана Юравіча Жаслаўскага намесьнікам Менскім быў князь Іван Васільявіч з князёў Друцкіх. У часы Аляксандра намесьнікам Менскім стаў пан Мікалай Іванавіч Ільініч, а затым князь Багдан Іванавіч Жаслаўскі, які стаяў на чале Менскага намесьніцтва да 1529 г.[2]

Нязначныя весткі аб Менску з гэтых часоў XV стал. тлумачацца тым, што Менск яшчэ ў гэты час ня страціў свайго сельска-гаспадарчага характару і мала чым розьніўся па сваіх занятках ад вёскі. Яшчэ ў 1500 г. двары мяшчанскія маюць сельска-гаспадарчы характар: з пашнямі, нівамі і з сенажацьмі[3]. У прывілеі на Майдэборскае права сельскія ўгодзьдзі займаюць значнае мейсца ў тых прывілегіях, якія даюцца месту Менскаму[4].

Сельска-гаспадарчыя ўгодзьдзі, якія замацаваў за сабою Менск прывілеем на Майдэборскае права, ў пазьнейшыя часы былі абмераны камісарамі і места ўпарта абараняе іх ад пакусаў па прыўлашчаньню іх іншымі станамі нават у канцы XVI ст.[5]

Нявыразнае абмяжаваньне насельніцтва м. Менска па занятках ад вакольнай сельскай мясцовасьці значна тлумачыцца і характарам гаспадаркі Менскага павету таго часу.

Меншчына з гаспадарчага боку ў XV і першай палове XVI стал. мае пераходны характар і мае рысы гаспадаркі новай-земляробскай і старажытнай-прамысловай. Меншчына якраз ляжыць па сярэдзіне паміж Заходняй Беларусьсю, якая ў той час ужо робіцца краінай пераважна земляробскай, і ўсходняй падняпроўскай Беларусьсю, дзе яшчэ пануе дабываючая прамысловасьць. Бабруйшчына і Барысаўшчына, якія ляжаць побач з Менскам, маюць пераважна такі прамысловы характар, і для насельніцтва гэтых краін дабываючая прамысловасьць яшчэ і на працягу XVI ст. зьяўляецца галоўнаю крыніцаю існаваньня. Ў Меншчыне, ў пачатку XVI ст., мы знаходзім і дабываючую прамысловасьць і, побач з ёю, ужо досыць разьвітае земляробства. У данінах Вялікага князя ў Менскім павеце выразна выступае дваякі характар Меншчыны. У 1503 г. вялікі князь Аляксандр пацьвярджае баярыну Багдану Карэйвічу ״вечно ему и его жене и их детем и напотом будучым счадком: нехай он тое именье Сухоревское держить со всеми приселки того имения и со всеми людьми, и з службами их, и с землями пашными и бортными и з сеножатьми и с пропашми и з гаи, и з боры, и з лесы, и з озеры, и з реками, и з бобровыми гоны и з ловы зверынъными и пташечъными, и ставы, ставищы, и з млыны и з их вымелки, и з даньми грошовыми и медовыми и бобровыми и куничными, и з дзяклы и со всякими иными поплатки и падатьми“[6]. У пералічэньні ўгодзьяў (выдаб) і падаткаў выразна выступае і земляробчы і прамысловы характар маёнтку. Пашні і пропашні, ставы і млыны з адпаведнай даньню дзяклам, якое плацілася збожжам ад земляробскіх вырабаў־з аднаго боку; і гаі, бары, лясы, вазёры, рэкі, бабровыя гоны і зьвярыныя і пташыныя ловы з адпаведнымі данямі бабро-

  1. Р. И. Б. т. № XX, ст. 84
  2. Ibidem 101.
  3. Р. И. Б. т. XXVII, ст. 789.
  4. Ibidem—739—744.
  5. Собран. древн. грамот и актов городов Минской губ. № 33.
  6. Р. И. Б. т. ХХVI.ст. 866.