Старонка:Места Менск у канцы XV і пачатку XVI ст.pdf/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

вымі, мядовымі і кунічнымі־з другога боку, яскрава сьведчаць аб характары і гаспадаркі і заняткаў насельніцтва. Пералічаючы падаткі, гаспадар вялікі князь падатак з вырабаў ад зямлі ня ставіць на першае месца, значыцца, замляробства ня йграла пераважнай ролі ў гаспадарцы маёнтку. Такі характар мае і другі маёнтак ״Онцыпоровское“, які належыў гаспадарскаму пісару Грамыку Ісаевічу: ״з людьми и землями пашными и з бортными, и з сеножатьми и з дубровами и з прудищы, и з реками, и з ловы зверынъными и пташынными, и рыб‘ими"[1] У 1513 г. вялікі князь Жыгімонт зацьвердзіў даніну Галены Іванаўны за Вазьнясенскім манастыром сяло Трасьнянец ״блиско места менскага“ шэсьць служб людзей... і, апрача таго, яшчэ ״три земли, на которых седели тры службы людей... и з их землями пашными и бортными и з бобровыми гоны и с сеножатьми“[2].

Такі пераходны характар гаспадаркі ня мог, аднак, доўга ўтрымацца ў Меншчыне, дзякуючы яе блізкасьці да цэнтраў і да ракі Нёмана, якая давала магчымасьць вывозіць сельска-гаспадарчыя вырабы на заходня-эўрапэйскія рынкі. Магчыма, што Меншчына ў той час ужо была болей густа заселена, чымся ўсходнія краіны, бо вялікія князі, пачынаючы з Казіміра, шырока раздаюць землі Меншчыны баярам шляхце, як у часовае, гэтак і ў вечнае ўладаньне на ўмовах вайсковай службы..[3]

Па попісу 1528 г. шляхта Менскага навету з гаспадарскіх зямель выстаўляла 72 кані, з іх баярын ״Служка Омелянович ״выстаўляў“ 14 коняй, Багдан Шалуха—12 коняй, 2 баярыны па 5 коняй, 1 баярын 4 коні, 2 баярыны па 3 кані, 5 баяр па 2 кані, 21 баярын па аднаму каню, з іх аднаго каня выстаўляла некалькі братоў, а аднаго—выстаўлялі ўдвох. Апроч таго, тры баярыны, выяжджалі ״сам“—конь[4]. Былі на тэрыторыі Менскага павету, напэўна, і панскія землі. Так, вядома, што ў Заслаўлі сядзелі князі Жаслаўскія; Смалявічы належылі князём Астрожскім, былі маёнткі князёў Горскіх, Радзівілаў, Тышкевічаў і іншых. Калі ў канцы XV ст. ў значных разьмерах пачало вывазіцца збожжа заграніцу, зразумела, што як баяры—шляхта пачалі імкнуцца да пашырэньня земляробства, гэтак і само сялянства павялічыла свае заняткі ім, і земляробства ў XVI ст. пачынае значна ўзмацняцца ў раёне Менску.

Спрыяючым момантам для Менску было тое, што ён ляжаў на гандлёвым шляху з усходу на захад. Гэты шлях ішоў з Вільні на Маскву праз Меднікі, Ашмяны, Крэва, Краснасельск, Менск, Барысаў і Воршу. Гэтым шляхам звычайна езьдзілі гаспадарскія паслы і гандляры[5]. Праз Менск ішоў значны гандаль ужо ў XV ст. Значэньне гадлёвага шляху асабліва ў гандлю з Масквой выступае выразна ў арэндных дагаворах на Менскае мыта. Мытнікі выгаварвалі сабе, што, у выпадку вайны з Масквою, страты ад вайны павінны вылічвацца з агульнай сумы. Значнасьць зносін з Масквою адбіваецца і ў скачках арэнднай платы за мыта ў залежнасьці ад вайны. У Менску з старажытных часоў знаходзіцца дзяржаўная мытная камора, якая абкладае мытам усе тавары, што праходзілі праз Менск. Ужо ў 1486 г. з Менскага мыта было толькі выдана розным асобам 103 капы грошай,[6] (колькі ўсяго даваў мытны збор у Менску ў гэты час—невядома). У 1489 г. Менскае мы-

  1. ibidem ст. 853.
  2. Собр. древн. грамот Мин. губ. № 4.
  3. Р. И. Б. т. XX і XXVII.
  4. Р. И. Б., т. 33. ст. 29—30
  5. Любавский. Областное деление, прилож. № 48.
  6. Р. И. Б. Т. XXVII, ст. 188