Старонка:Места Менск у канцы XV і пачатку XVI ст.pdf/22

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Скаргу намесьніка аб прыўлашчаньні войтам і райцамі прыблуднай скаціны і злоўленага злодзея з палічным таксама задаволіў, і прыблудная скаціна, а такжа палічнае павінны ісьці на кармсьць намесьніка-дзяржаўцы.

Пытаньне аб рамесьніках было часткаю агульнага пытаньня аб тым, хто падлягае ўладзе войта і райцаў, склаўшых асобны магістрат, і хто застанецца пад уладаю гаспадарскага намесьніка і будзе несьці павіннасьці і плаціць падаткі непасрэдна на менскі гаспадарскі двор, або замак. Пасьля дараваньня прывілея на Майдэборскае права новаорганізаванная ўлада ў асобах войта і райцаў залічыла ўсіх, хто жыў на гаспадарскіх землях ў Менску, апрача баяр шляхты, у разрад мяшчан і падпарадкавала іх сваёй уладзе. На скаргу намесьніка гаспадару аб такой дзейнасьці войта і райцаў гаспадар вялікі князь даў адказ у форме, якая заўсёды адчыняла прастор для злоўжываньняў намесьніка. Вялікі князь у гэтым спрэчным пункце даў волю самому насельніцтву. Мяшчанам, якія былі пад мескім прысудам і ўладаю, дазвалялася пераходзіць пад прысуд і ўладу намесьніка-дзяржауцы. У выпадку переходу пад замкавую ўладу, такіх мяшчан радзіць і судзіць намесьнік, а войт і мяшчане трацяць над імі уладу і права суда. Гаспадарскае вырашэньне нічога, аднак, не гаворыць аб адваротным праве насельніцтва, якое засталося пад замкавым прысудам і ўладаю, і на аснове якога было-б дазволена пераходзіць пад уладу і суд мескага магістрату. Рашэньне гаспадара, такім чынам, было аднабокім, і забясьпечвала толькі інтэрэсы намесьніка; адначасна з тым яно была і нявызначаным, бо воля і жаданьне насельніцтва маглі быць заўсёды пад уціскам намесьніка.

На скаргу аб рамесьніках гаспадар загадаў войту й райцам менскім выдзяліць пятнаццаць двароў рамесьніцкіх і перадаць іх замку. Пастанова адносна рамесьнікаў даволі нявыразная, але сутнасьць яе заключаецца ў тым, што пятнаццаць двароў павінны працаваць на замак, і падобна сялянам спэцыяльных служб залежаць ад гаспадарскага менскага двара, быць пад яго ўладаю і прысудам. Такім спосабам лік насельнікаў Менскіх, якія складалі грамадзянства пад Майдэборскім правам, быў зьменьшан самым гаспадарскім урадам і, апроч таго, такое вырашэньне справы давала намесьніку-дзяржаўцу зачэпку для пашырэньня сваей улады над менскімі рамесьнікамі і, у выпадку зьмяньшэня ў двары ліку рамесьнікаў, павялічваць іх за кошт paмесьнікаў мескіх, якія былі пад уладаю і прысудам мескага магістрату.

Апошні пункт гаспадарскай пастановы ўзмацняе аўторытэт і ўладу намесьніка дзяржаўцы і загадвае мяшчанству, каб яно была паслушным намесьніку ў справах, якія датычацца гаспадарскіх інтарэсаў, як самаго гаспадара, і забараняе пад страхам штрафу ў двесьце рублёў грошай мескаму магістрату ўступацца ў справы гродзкія, гэта значыць замкавыя даходы[1].

Такім чынам гаспадарскі ўрад, выдаўшы Менску прывілей на Майдэборскае права і гэтым самым вызваліўшы яго з пад улады і прысуду намесьніка дзяржаўцы, зараз-жа пасьля яго дараваньня зьмяншае і абмяжоўвае яго разьвіцьцё і ўзмацняе ўладу намесьніка-дзяржаўцы. Такая нязвычайная дзейнасьць цэнтральнага ўраду, які адною рукою дае, а другою зараз жа аднімае тое, што дае, або абмяжоўвае дадзенае, выклікае барацьбу паміж местам і гаспадарскім намесьнікам дзяржаўцаю, якая цягнецца на працягу ўсяго XVI сталецьця

  1. М. К. Любавский. Областное деление, приложение № 11.