Старонка:Места Менск у канцы XV і пачатку XVI ст.pdf/23

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ужо ў 1509 годзе менскія мяшчане падалі скаргу на свайго намесьніка Багдана Іванавіча Жаслаўскага, якая разьбіралася ў судзе гаспадара з панамі радамі. З гэтай скаргі выявілася, што намесьнік Менскі ״нас (мяшчан) судить и рядить и детских своих на нас даеть через право нашо Майдэборское, которое ж нам дал Александр король его милость, теж с свадеб носатки береть и куницы смирскии, и теж от каждого суда по два гроши, и иные многии кривды и новины нам делаеть безвинне; кони и иные многии речи в нас грабить через право нашо“. З паданай скаргі выразна відаць, што гаспадарскі намесьнік зусім ня лічыцца з дараваным Майдэборскім правам і вядзе справы па старажытнаму, як ён прызвычаіўся весьці іх да дараваньня прывілея. Князь Багдан Жаслаўскі не адмаўляецца ад абвінавачаньня, але ў свае апраўданьне даводзіць, што ён ״николи не суживал ани раживал без их воли и децких на них не давал; нижже коли они сами на мене злюбять, и я их сужу и ряжу з их волею“. Гаспадар забараняе суд намесьніка і растлумачвае, што мяшчане павінны судзіцца і весьці іншыя справы ў войта і бурмістраў паводле свайго майдэборскага права, а не здаволеныя судом войта павінны зьвяртацца да гаспадара-вялікага князя[1].

Забараняючы свайму намесьніку ў Менску тварыць суд і ўмешвацца ў мескія справы, гаспадарскі ўрад іншымі сваімі распараджэньнямі дае магчымасьць свайму намесьніку ўмешвацца ў мескія справы. Таму-ж самаму намесьніку князю Богдану Жаслаўскаму гаспадар піша, каб ён аддаў загад менскаму войту і мяшчанам аб нячыненьні імі крыўд манастырскім подданым[2].

Узаемаадносіны паміж менскім урадам і намесьнікамі-дзяржаўцамі, як гаспадарскаю ўладаю на месцах, былі заблытанымі, і гэта давала магчымасьць намесьнікам-дзяржаўцам выкарыстоўваць сваю ўладу далёка не на карысьць места. Злачынствы намесьнікаў дзяржаўцаў абуралі мяшчанства. Яно змагаецца з імі легальнымі спосабамі, падаючы скаргі ў суд гаспадара і паноў рады. Аднак, ня гледзячы на рашэньні і пастановы суда вялікага князя і паноў рады, і іх загады намесьнікам-дзяржаўцам, апошнія не прыпыняюць сваіх гвалтаў і злачынстваў. Тады мяшчанства пачынае змагацца з імі шляхам самаабароны і аружнага адпору, б‘е слуг намесьніка, таго-ж Багдана Жаслаўскага[3].

Цяжка сказаць, наколькі памог мяшчанству гэты спосаб абароны ад крыўд і ўціскаў з боку намесьнікаў-дзяржаўцаў. Крыўды і гвалты намесьнікаў адбываюцца і ў канцы XVI ст.

У 1595 г. ״бурмистры, райцы, лавники и вси мещане места меньского припозвали у суд гаспадара и панов рад старосту меньского урожоного Андрея Станкевича о певные кривды". Такіх крыўд было чатыры: першая, што ״он, наславши моцно и гвалтом приятел и слуг своих на мещанина меньского Павла Михайловича с того дому кгвалтовне его взять казавши до везеньня замкового сажати и мучити его давал“, другая—״в кривде того Павла Михайловича о нарушенье права местского“, трэйцяя—"мещан меньских он до незвыклого робеньня мосту примушати мел״; чацьвертая—״о неприймованьне квитов шафарских с стороны пива и меду послом и гонцом с корчом браного“, пятая ўжо самаго старасты на мяшчан—״О млыне и иншые речы"[4].

  1. Р. И. Б. т. XX, ст. 602.
  2. Собр. др. гр. Минск. губ. № 8.
  3. Р. И. Б. т. XX, ст. 1219.
  4. Мэтрыка Літоўская, кніга судных спраў 63, карта 583.