Старонка:Места Менск у канцы XV і пачатку XVI ст.pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

настыру апроч таго належала сяло ״Ляховые Луки״, у якім было тры службы сялян. У месьце пры царкве было некалькі яшчэ мяшчан манастырскіх, якія жылі пры царкве ״святое пятницы״[1]. Манастырскія мяшчане мелі свайго войта. Вазьнясенскаму манастыру ў пачатку XVI в. належала сяло Трасьцянец з шасьцю службамі, дараваны манастыру княгіняю Аленай Іваноўнай і зацьверджаны за манастыром у 1513 годзе. Да Трасьцянца Жыгімонт з свайго боку прыдаў манастыру яшчэ тры службы. Невядома, ці гэтыя тры службы і былі тымі ж службамі ў ״Ляховых Луках“ якія ўспамінаюцца ў 1579 г., ці гэта былі іншыя[2]. Часткаю можна высьвятліць, чым займаліся манастырскія мяшчане. З іх маемасьцяй можна вызначыць, што яны мелі пляцы, іншых-жа ўгодзьдзяў рэестр не ўспамінае. Найпраўдападобней, што у другой палове XVI ст. яны не займаліся земляробствам, а галоўным чынам рамяслом і гандлям, на што мелі значныя ільготы. Па прозьвішчах пералічаных манастырскіх мяшчан у рэестры, апроч войта, вызначаны 2 дойліды, 6 кажамяк, 1 шапавал, 1 пірожнік, 1 чабатар і 1 скамарох. З 33 сямей 13 мелі сваім заняткам рамясло; чым займаліся іншыя, сказаць нельга. Якія падаткі і павіннасьці нясло манастырскае насельніцтва свайму манастыру, таксама невядома.

Архімандрыт Вазьнясенскага манастыра ״Серафионт“ у 1522 г. скардзіцца на Менскі магістрат, што апошні прыцягвае манастырскіх людзей да адбываньня падводнай і старажовай павіннасьці, і гаспадарскі ўрад аддае загад, ״иж бы на людех его манастырских подвод не брали и инших кривд не чинили и заховали во всем потому водле давного обычая“[3]. Разам з гэтым гаспадар аддае загад менскаму намесьніку Багдану Іванавічу Жаслаўскаму, каб ён прыняў меры і загадаў войту і мяшчанам менскім, ״абы им и людем их монастырским в том кривд не чинили и в подводах и иных службах меских впокой им дали и в том бы еси их самих и людей их монастырских от их кривд во всем боронил“[4].

Мяшчане, аднак, ня могуць задаволіцца такім палажэньнем, тым болей, што людзі, якія жылі на землях Вазьнясенскага манастыра, займаюцца рамяслом і прадаюць свае вырабы, а іншыя скупаюць збожжа і солад, і прадаюць іх у Менску. На гэтай аснове магістрат прыцягвае іх да падводнай павіннасьці і накладае розныя падаткі. Архімандрыт Вазьнясенскага манастыра зноў скардзіцца ў 1533 г. гаспадарскаму ўраду на такую дзейнасьць магістрату. Цікава пры гэтым адзначыць, што сваю скаргу ён абасноўвае ня толькі на старыне, але і на тым, што людзі плебанскія, якія жывуць на касьцельнай зямлі і таксама займаюцца гандлем, аднак, падаткаў жадных не плацяць. Гаспадар зноў падтрымаў манастыр і забараніў тварыць якія-небудзь ״тяжкости, естли будут тыи люди его на землях церковных мешкати, а меских земель ани огородов под собою не мають״[5]. Трэба сказаць, што манастырскае насельніцтва было пазбаўлена ня толькі ад платы мескіх падаткаў і нясеньня мескіх павіннасьцяй. Яно атрымала ільготы, якіх ня мела насяленьне іншых станаў грамадзянства. Так, у 1546 г. гаспадар вялікі князь аддае загад менскаму мытніку, каб ён ״людей монастырских, которые подле монастыра и в месте мешкають и торгом ся обыходят“, каб ён ад ״речей их торговых“ мыта нябраў“[6].

  1. Собрание древних грамот и акт. гор. Минск губ, № 27 и 28
  2. Ibidem №№ 12 i 28.
  3. Ibidem №7.
  4. Ibidem № 8.
  5. Ibidem № 9
  6. Ibidem № 12