Старонка:Места Менск у канцы XV і пачатку XVI ст.pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

карысталася ўсімі выгодамі места, аднак, ня было падуладна мескаму ўраду і не складала з ім аднастайнай трупы. Пасьля дараваньня Майдэборскага права мескаму ўраду прышлося адразу сустрэцца з гэтай супярэчнасьцю.

У 1522 г. вялікі князь па просьбе мітрапаліта Іосіфа, які скардзіўся гаспадарскаму ўраду на войта, бурмістраў і радцаў Менску за тое, што яны ״людей его церковных и поповских, который в месте Менском суть и торгом ся обыходят“, хочуць абкласьці сярэбшчынай, прыцягваюць да нясеньня падводнай павіннасьці і ўсялякіх іншых -поплатков“, у той час, як раней яны нічога з усіх адзначаных павіннасьцяй да гэтага часу разам з местам не адбывалі. Гаспадар стаў на бок мітрапаліта і забараніў абкладаць насельніцтва царкоўных зямель палаткам і прымушаць яго да адбываньня павіннасьцяй[1].

Такая-ж спрэчка паднялася і з насельніцтвам, якое жыло на землях Вазьнясенскага манастыра. Вазьнясенскі манастыр знаходзіўся ў падаваньні самаго вялікага князя. Падаваньне гэтае падобна да заходня-эўропэйской інвэстытуры і заключалася ў тым, што падаўца меў права аддаваць царкоўную ўстанову, з усімі прыналежнымі ёй маемасьцямі, па свайму жаданьню той ці іншай асобе, звычайна, да сваёй ласкі і волі, або дажывотна. Гэта быў так званы ״хлеб духоўны“. Віленскі сабор 1509 г. вынес пастанову, што паны, князі і іншыя асобы, на землях якіх знаходзяцца царкоўныя ўстановы і ў паданьні якіх яны знаходзяцца, прызначаюць годных асоб, якія павінны атрымаць благаславеньне і пасьвяшчэньне ў духоўны сан ад мітрапаліта. Але гэтая пастанова ня выконвалася, і манастыры аддаваліся і сьвецкім асобам у дзяржаньне, як і звычайныя маемасьці. Гаспадар аддаваў Вазьнясенскі манастыр разным асобам у XVI сталецьці, большаю часткаю асобам духоўнага стану. Трымалі манастыр, аднак, і сьвецкія асобы. Так, у 1579 г. манастыром уладаў пан Стэфан Дастаеўскі, з״ моцы и владности“ каторага гаспадар адняў манастыр і падаў "тот манастыр и люди тому манастыру прислухаючие“ архімандрыту Менскаму Міхайле Рагозе. У гэтыя часы Вазьнясенскі манастыр ня быў значным, як па свайму абсталяваньню, гэтак і па тых маемасьцях, якія належалі да яго. Царква манастырская была ״апалая и згнилая“. У царкве было 11 абразоў "старых, злинелых, фарбою писаных“. У алтары быў "престол, пакрыт выбойкою“, на прастоле было ״евангелие старое, троха медю оправленое, келих и миска ценовая, кадило старое, медное“. У той-жа царкве была невялікая колькасьць кніжок: ״меней месячных двенадцать, евангелие учительное, устав церковный, октоихи три, прелог один, треоди две, постная и цветная, требник один, апостол один, книги две старые пергаминовые“. З царкоўных аблачэньняў былі ״рызы кухтеровые белые, букотерлею обложены, потрахил стары златоглаву зеленого“. У царкве былі два ״прыделы“. Пры той-жа царкве была званіца і ״на ней звоны тры“. У манастыры была ״трапеза“, а пры ёй царква ״покров пречистое“. У трапезнай царкве было з абсталяваньня толькі тры абразы, і яна была нават без замка. З будынкаў манастыр меў ״светличку з сеньми“, тры клеці, ізбу, пякарню з сёньмі, другую ізбу з сенцамі старую і без страхі, стайню конную, пуню сенную. У манастыр вяло двое варот, але ўвесь ״замет (плот) коло того манастыря и около саду манастырского весь обобран״. За ракою Сьвіслаччу ў манастыра было гумно і ״дворец״, затым ״гумно с осетю, пуня сенная, другая пуня; третяя пуня на быдло“.

Манастыр меў 36 пляцоў, на якіх сядзела 33 сям'і манастырскіх падданных. Тры пляцы было пустых, іх дзяржалі тыя־ж падданыя. Ма-

  1. Собрание древних грамот и актов Минской губ. № 6.