Старонка:Места Вільня ў першай палове XVI сталецьця.pdf/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ды мают вси под правом и присудом местским быти“. Таксама і слу­жэбнікі гаспадарскія і іх слугі і мяшчане іх і рамесьнікі, набываючы дамы, павінны быць пад мескім прысудам. Хто купіў дом пад мескім правам „тыи мают право местское приняти”. Нават і тыя мяшчане, якія мелі земскія маёнткі і фальваркі, „не мають права и послушенства их местского ся выламывати”. Аднак, для мяшчан, якія хацелі выламацца з-пад мескае ўлады і прысуду, быў выхад; гэта воля і ласка гаспа­дарская „нижли естли быхмо мы кого за слушными а великими причинами с таковое повинности вызволили". Пераход да паноў радных і другіх ураднікаў забараняўся мяшчанам пад страхам конфіскацыі дамоў і фальваркаў.[1]

Ня гледзячы на загады гаспадара і яго прывілеі, паны, князі і шляхта праз увесь час замахваюцца на мяшчан, што выразна выяўля­ецца ў паўтарэньні прывілеяў нават адным і тым-жа гаспадаром. Асаб­ліва церпяць мяшчане ад „своволенства” паноў, князёў і шляхты, якія ня толькі на вуліцах і па месцах „посполітых", гэта значыць - мяшчанскіх, але і „з домов некоторых мещанских тых людей моцно гвалтом берут“, саджаюць і трымаюць да сваёй волі. Калі такіх буянаў і слуг іх захапляюць на месцы злачынства і вядуць у мескі ўрад, дык паны, князі і шляхта „гвалтове отнимають, с чогося великие шкоды посполитому человеку деют и враду их местскому не мале зельжение становит”.[2] Гаспадар забараняе падобныя гвалты і злачынствы, але нам добра ведама самавольства паноў, якія ня слухалі ніякіх загадаў гаспадара, асабліва ў пазьнейшыя часы.

Не адставала ад замахаў на мяшчанства, з мэтай захапленьня яго пад сваю ўладу, і духавенства; асабліва выдзяляўся ў гэтых адносі­нах каталіцкі біскуп, які, у інтарэсах пашырэньня сваёй улады над мяшчанствам места Вільні, карыстаецца сваім правам, як вышэйшая духоўная ўлада, накладаць „клятвы” на віленскіх мяшчан. Віленскі біскуп няпраўна пасылае віленскім мяшчанам мескае юрыздыкі свае „позвы”, якімі прыцягвае іх у свой суд і робіць іншыя крыўды і уціскі.

У 1511 годзе ў суд вялікага князя і паноў радных віленскія „бур­містры радцы и вси мещане места виленского” падалі заяву на вілен­скага біскупа князя Войтэха, абвінавачваючы яго у тым „што дей он в суды вашие меские вступаеться, и позвы и клятвы на нас выдаеть безвинно, и многии кривды и втиски нам делаеть...”

Суд, выслухаўшы і разабраўшы заяву віленскіх мяшчан, пастана­віў, „што бы он в суды местскіе не вступался, и позвов и клятв, без нашое воли (вялікага князя) на них не выдаваў, и никоторых кривд и втисков им, противу их права, не делал. Если бы его милость (біскуп) мел которое до них дело, маеть нам на них жаловати, а мы маем его милости с ними справедливость чинити"[3].

Такім чынам, гаспадар вялікі князь абараняе мяшчан і ад духа­венства і знаходзіць спосаб вырашэньня спрэчных пытаньняў шляхам беспасрэднага звароту да свайго ўласнага вырашэньня. Гэты спосаб лік­відаваньня спрэчак ва ўзаемаадносінах паміж біскупам і мяшчанствам паказальны. Ён сьведчыць аб фактычнай безабароннасьці мяшчанства ад нападку з боку высокіх станаў і асоб, калі сам гаспадар вялікі князь бачыць выхад з таго палажэньня, якое ўтварылася, толькі ў

  1. Ibid., №33
  2. Ibid., №35
  3. "Русская Историческая Библиотека", т. ХХ, стр. 713