Старонка:Места Вільня ў першай палове XVI сталецьця.pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Жыхарства, якое падлягала мескаму ўраду, складалася з розных груповак, у залежнасьці ад маёмаснага свайго стану і ад заняткаў. З пашырэньнем на Беларусі грашовае гаспадаркі і дзейнасьці гандлё­вага капіталу, адбываўся ня толькі ўзрост гандлю і ўзмацненьне стану людзей, якія займаліся гандлем, але значна павялічыўся і падзел працы. Спэцыялістыя-рамесьнікі, якія выключна займаліся адным сваім рамяст­вом, без дадатковых заняткаў земляробства і іншых, -значна павя­лічваюцца як у ліку, гэтак і ў рознастайнасьці сваіх заняткаў. Разам з агульным ужываньнем грошай, зьяўляецца значны попыт на рамесь­ніцкія вырабы. Усё гэта павялічвала ўзрост жыхарства места. Павялі­чэньню места спрыялі і агульныя ўмовы жыцьця таго часу. Сяляне, якраз у гэты момант, перажываюць процэс утварэньня і ўзмацненьня прыгону. Зразумела, што шмат хто з іх, асабліва больш энэргічныя, шукаюць выхаду з свайго палажэньня і ўцякаюць у месты, дзе яны захоўваюць сваю волю. Паны, аднак, знаходзілі іх і тут, сілком пры­мушалі варочацца на вёску і працаваць на сябе. Але такая дзейнасьць паноў ужо закранала інтарэсы гаспадарскага скарбу, бо, з павялічэнь­нем жыхарства ў месьце, павялічваліся і прыбыткі з места, якія ішлі ў гаспадарскі скарб. З гэтае прычыны гаспадар прымушаны быў вы­даць Вільні ў 1538 годзе спэцыяльны прывілей, у якім забаранялася вяр­таць тых, хто пражыў у месьце шэсьць год. „Которы бы кольвек чоловек от коле до того места Виленского пришол и там мешкаючи и кормячися через шесть лет в том месте был, прыказуем вам (князіом, паном, воеводом, старостом) под закладом нашым пятисот копамт гро­шай, абы есте тых людей заседелых з места виленского невыводили, а некоторые трудности и нагабанья им не делали; нехай они без порушенья в тым месте тамошним мешкают и нам служат"[1].

Замахваліся на мяшчан ня толькі паны, шляхта і духавенства,—але і гаспадарскія ўраднікі, як ваявода віленскі і яго намесьнікі. У 1538 годзе войт, бурмістры і радцы места віленскага скардзіліся, „што наместник твоей милости виленский (пан ваявода віленскі Ольбрахт Гаштольд) ремеслников и челядь их, которые в меских домах мешкают, с моцы и права и послушенства меского выймает, и в свою оборону их берет и судит, и справляет". Такая дзейнасьць парушала ў самай аснове правы места і пагражала яго існаваньню; урад гаспадара забараніў ваяводзе гэткія ўчынкі[2].

Пагроза для места і мяшчан была і з іншага боку. Часта самі мяшчане прадавалі свае дамы шляхце або аддавалі іх, як пасаг, за дачкамі, якія выходзілі за людзей іншага стану—за служэбнікаў і два­ран як гаспадарскіх, гэтак і папскіх; некаторыя мяшчане дабіваліся ад гаспадара спэцыяльных грамат, на аснове якіх яны паддаваліся суду і паслушэнству гаспадарскаму; іншыя рамесьнікі станавіліся на працу да паноў радных і таксама аддаваліся ў іх падданства. Вынікам усіх такіх здарэньняў было памяншэньне ліку мяшчан, што вяло „к уменьшенью и пожитков наших и меских, штобы естли бы долго трывати и множитися мело, тогды бы не мало доходов так нам, яко и тому месту затым отошло и в великое бы замешанье в раде и справе местской посполитой было". Відавочнасьць усяе шкоднасьці такіх зья­вішчаў, якія закраналі і інтарэсы самога гаспадара, прымусілі яго стаць на бок места і выдаць загад, на аснове якога „хто бы с подданных нашых, якого кольвек стану выменью меском седеть хотел, тог-

  1. Ibid., № 28
  2. Ibidem