Старонка:Места Вільня ў першай палове XVI сталецьця.pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

своим войтом"[1]. Пасада войта, на якую спачатку прызначаў адпавед­ных асоб гаспадарскі урад, становіцца з XVI сталецьця, як думае Крашэўскі, абіральнай - мяшчане самі абіраюць сваіх войтаў. Згадзіцца з гэтым, аднак, нельга, з прычыны адсутнасьці адпаведнага прыві­лею, а таксама дзеля супярэчнасьці такога дэмократыэму ў адносінах улады войта, у той час, як сама меская рада абіралася членамі тэй-жа рады, інакш кажучы, шляхам кооптацыі.

Докумэнтальныя весткі таксама пярэчаць пагляду Крашэўскага, а стары звычай нават пацьвярджае, што і ў XVI сталецьці гаспадарскі урад прызначаў на пасаду войта асоб сваім уласным абраньнем і па­водле свае волі. Гэтак, у 1528 годзе вялікі князь выдаў прывілей на віленскае войтаўства мешчаніну кракаўскаму Шчаснаму Лянгюру „до живота его со всякими властностями и платы и доходы и пожитки того места виленьского войтовскими и со всим по тому, как ся первшии войтове виленьскии от нас держивали. Мает он тот врад войтовство виленьское от нас держати и в ним ся справовати и рядити и подданых наших заховати подле права майтборского и привилья нашого, который есмо им на то право умоцнили и дали и теж водле того, как и перши войтове от нас держивали водле привильев наших, которые от нас на тое войтовство мевали, так теж и ему то даем и привлащаем не иначей, только так, как и першим войтам со всими справы их и вольностями". Паводле сэнсу прывілею, выразна відаць, што войтаў прызначаў да гэтага часу гаспадар, як і цяпер прызна­чаецца Шчасны Лянгюр. Аднак, некаторы ўплыў мела і грамадзянства, бо, паводле прывілею, ён прызначаўся на войтаўскую пасаду толькі з умовай, калі ён "добре ся заховаеть на том враде найпервей се нам гаспадару и теж подданным вашим". Праўда, выраз „добре ся заховаеть" — няясны і не абмежаваны, але ўсё-ж ткі заўважаецца, што хо­чуць лічыцца з грамадзянствам места Вільні і іх адносінамі да войта. У якой форме выяўляюцца адносіны мяшчанства да войта няясна, але гэта, бязумоўна, не абраньне віленскім мяшчанствам свайго войта, а звычайнае прызначэньне гаспадарчай уладай. Магчыма, вялікі князь прадбачыў протэст і ня толькі з боку мяшчан, але з боку іншых вышэйшых станаў і грамадзянства, бо прывілей кажа не аб вільнянах, а наагул аб падданых. Протэст супроць прызначэньня на пасаду войта мог зьявіцца з тае прычыны, што гэтаю асобай быў польскі мешча­нін, а ужо з часоў земскага прывілею 1447 году вялікія князі абавяз­валіся не прызначаць на пасады ў Вялікім Княстве Літоўскім асоб чужаземнага пахаджэньня, а толькі тубыльцаў. Што вялікі князь так разумеў умоўнае прызначэньне на пасаду войта Шчаснага Лянгюра, відаць і з далейшага зьместу прывілею: „и естли ся он на том враде найпервей се нам господару и теж подданым нашим добре ся заховаеть водле права майтборского и привильев наших, мы не маем его с того враду рушати, але маем на том враде заховати до живота его"[2].

У прывілеі 1432 году не гаворыцца аб іншых, апроч войта, урадах места Вільні. Уся поўнасьць улады даручаецца войту: „судити и отсудити, казнити, мстити, на кола бити, спинати даем им сполна всю моц".

Другім мескім урадам была цэлая установа—рада (у немцаў der Rath; адсюль і слова das Rathaus - ратуша). Калі зьявілася рада у месьце Вільні і яе першая організацыя—нам невядома. Але навокал гэтае

  1. Ibid., №4. Wilno od poczatkow jego do roku 1750. Przez J. Kraszewskiego. T. III. Wilno 1841, ст. 219
  2. Літоўская Мэтрыка, кніга запісаў 12, ліст 359 (адварот)