Старонка:Места Вільня ў першай палове XVI сталецьця.pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

лося з тае прычыны, што з дазволу гаспадара крыніцу „Винкгерь", вада з якое „вольным током через место хоживала", прыўлашчылі сабе, манахі домініканы. Мяшчане прасілі гаспадара аб дазволе правесьці „рурами" (трубамі) ваду з другое крыніцы, у якой „есть досыть воды" і якая знаходзіцца „на земли нашой господарской, едучы с за Субочович улицы до гур на великой дорозе". Гаспадар даў дазвол: „и даровали есмо тую воду на оном местцы всим мешаном места нашого виленьского в праве Майтборском мешкаючим тое воды добровольне на вечность поживати и до места ее вести"[1].

Такая дзейнасьць гаспадарскага ўраду і магістрату падрывала значэньне домініканскае крыніцы, ад якой домініканы мелі прыбыткі, і прымусіла домініканаў пайсьці на ўступкі. У 1536 годзе яны пра­даюць месту віленскаму і магістрату сваю крыніцу за 160 грошай літоўскіх і 10 фунтаў перцу, захаваўшы за сабой права правесьці трубу ў манастыр і карыстацца вадой, а таксама—права правядзеньня тру­бы з вадою ў дом Ульрыха Гозія на Нямецкую вуліцу[2]. З гэтага часу места Вільня было забясьпечана вадой, якую правялі па ўсім горадзе і нават у некаторыя дамы ў сярэдзіну іх, як, напрыклад, у дом Ульрыха Гозія. Адначасна з узростам места Вільні і яго ўпа­радкаваньнем з надворнага боку, з павялічэньнем у ім вытворчых прадпрыемстваў (фабрык), Вільня атрымлівае пэўны парадак у кіра­ваньні і вызначаныя правы ўлады. Што да кіраваньня і ўлады—места Вільня не зьяўляецца аднолькавым і адзіным. У першай палове XVI сталецьця па ўсёй Літоўска-Беларускай дзяржаве канчаўся процэс дыфэрэнцыяцыі станаў і іх адмежаваньня адзін ад другога. Паны ду­хоўнага і сьвецкага стану, шляхта, мяшчане пад Майдэборскім правам і, урэшце, сяляне вылучаюцца ў паасобныя групы. Кожная з гэтых груп—станаў—мае свае асобныя правы і адасоблена адна ад другой непраходным бяздоньнем. Кожны стан мае свой суд і ўладу, якія рэдка сутыкаюцца паміж сабой. Места Вільня было нібы адбіткам усяе дзяр­жавы. Тут жыло духавенства, паны і шляхта, жылі і мяшчане; з гэ­тае прычыны ўтвараюцца і розныя ўлады і суды, так званыя ў той час юрыздыкі, якім падлягае кожны стан. Паны падлягаюць ваяводзе або беспасрэдна ўладзе вялікага князя, шляхта—гродзкай, або замко­ вай юрыздыцы, на чале якой стаіць пан-ваявода; духавенства ўтварае сваю юрыздыку: біскуп каталіцкі -адну, мітрапаліт праваслаўны — другую, а, з утварэньнем вуніцкае царквы, зьяўляецца юрыздыка і вуніцкага мітрапаліта. Урэшце, была юрыздыка мяшчан з Майдэбор­скім правам, якое было атрымана ўжо ў 1387 годзе. Значны лік юрыздык быў, бязумоўна, вялікаю перашкодаю для нормальнага разь­віцьця места і, магчыма, гэта было галоўнаю прычынай таго, што мяшчанства на Беларусі ня стала такім самым трэцім станам, як гэта сталася ў Францыі, і не здалела нават выступіць актыўна супроць па­ноў шляхты за пашырэньне сваіх політычных праў.

Самая ўлада мяшчан, на аснове Майдэборскага права, не адразу прыняла сталую форму; яна прайшла досыць даўгі процэс разьвіцьця і зьявілася як вынік барацьбы паміж самых мяшчан і змаганьня з гаспадарскім урадам, і толькі ў XVI сталецьці прыняла канчальную форму.

На чале мяшчанскага ўраду стаяў войт. Ужо паводле прывілею 1432 году, мяшчане павінны былі „о вся дела росправлятися перед

  1. Собрание древних грамот Вильны и др., №23
  2. Ibidem. №24