Старонка:Мая ліра (1924).pdf/78

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ЧАМУ МНЕ МАРКОТНА.

Чаму мне маркотна, на плач забірае,
Кругом хоць жыцьцё і свабода й вясельле?
Ідзець год за годам, і поўдзень мінае,
На сумны нядуг мой няма ужо зельля.

З малых лет я біўся з нядоляй ды горам,
Пагляд мой ў юнацтве быў сумны, хоць чысты,
Цяпер сам ня знаю, якім я напорам
Прабуду свой шлях так ліхі і цярністы.

Зварушылась многа у даўнай будове,
Памножылі лета й навука сумнівы:
Стаю я прад гробам усё нагатове,
Загасьлі душы маей зоркі агнівы.

Ня ведаю сам, што сталася такога
З душой маей сумнай, трывожнай даволі, —
Скаваў хто узлёт яе чысты да Бога,
Ўпісаў быццам страшнае слова „ніколі“!