Старонка:Мая ліра (1924).pdf/18

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

АРГАНЫ ЖАЛЯЦЦА…

… Тоны арганаў сьлёзы наводзяць на зрэнкі мае. Льюцца жальбы — як тыя воды вясновай парой…

Сыной мой родны, адзіночак мой! Табе іншая музыка йрае; — сьвіст куляў, гром гармат, лязг шабляў, трэск карабінаў, стогн раненых… Божа-ж мой, ратуй маю пацеху! Ен згіне ў гэным пекле. Во й арганы загаласілі, як-бы гаруюць па кім…

Сьлёзы мае, сьлёзы, адыдзіце ад мяне. Ня зможыце выліць вы тэй жальбы, што набалела на сэрцы; Ня вернецца сын мой — адзіночак, ня ўстане з магілы сябрамі прыцісьнены: чуе мае сэрца. Злучыцца дух ягоны з братавым, той мяне асіроціў нядаўна, пакінаў адным на сьвеце: ах, чуе нядобрае маё сэрца. Мальвіся мая, Мальвіся! Пачуй ты ў сваей дамавіне грабовай той енк, што рвець мне грудзі безнадзейна! Чаго Вы стогнеце, арганы? Мальвіся вас ня чуе: яна ад вясны ўжо у Бога… Яна пытаецца Божухну, дарагонькая, чаму адабраў Ен жыцьцё маладому Янку? Умалі Яго, каб ня браў да сябе апошняга сыночка, каб міналі яго кулі сьмерценосныя, пошасьці страшэнныя, голад і холад балючы…