Старонка:Мая ліра (1924).pdf/17

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

а можа гэта быў сарамлівы стыд тэй зманнасьці, за якой гнаўся дагэтуль. Бліскучыя палам вочы, каторыя млосна звярнуў на дарагія сэрцу істоты, поўныя былі сьлёзаў і нямога жалю. Моўчаў доўга… Аж вось з сілай нябывалай застагнаў голасна. «Бога мне!»…

∗          ∗

На ўзгорку магільным сумна шумяць дрэўцы, кідаючы фантастычныя цені на капцы з крыжамі. Цішыню нарушае толькі гульба ветру, які, зрываючыся часам сільней, варушыць былінку траву і падымае сухія лісточкі. Ціш таёмная, неадгадная, наводзіць на кожнага дрыготу. Селянішча жыўшых… Тысячы, міліёны… Жылі, любілі, шукалі праўды, хараства, шчасьця… Няўжо кончылася ўсё толькі жменяй попелу? Няўжо-ж бытаваньне валадара Зямлі так марнае і бязмэтнае?.. Месяц спакойна паглядае навакол зімным вокам сваім. Ціхі пагляд кідае ён у кожны куточак, да кожнай зацені: як-бы сваім слабым сьвятлом хочыць разьясьніць — адкрыць тайніцу быту. На магільнай каменнай пліце відаць напіс:

«Не памёр: нарадзіўся».