Старонка:Мая ліра (1924).pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Сумна дрэўцу — буйнаму і моцнаму на вока — калі мае ў сэрцы сваім чарвяка, які нязначна яго падгрызае і даводзіць звольна аж да сьмерці. Цяжка чалавеку, калі мае ён у грудзях сваіх зачаткі хваробныя — жывучкі сьмяротныя — крэпкі здаровы склад арганізму вядуць да раскладу. Дрэнна чалавеку с целам затрутым, горай — калі душа мадзеець ад журбы і сумніваў, найгорш калі лучыцца першае і другое разам… Ен быў хворы падвойна. Разгон надмерны, каб здабыць навуку і славу, прывёў яго да кволасьці фізычнай. Таёмная чэсьць для бяздушнага матэрыялізму зрадзіла нядуг горшы: выстудзіла, і зусім зністожыла жыцьцё рэлігійнае, заводзячы ў душы канцовую безнадзейнасьць. Як ранены зьвер кідаўся тады дух ягоны, шукаючы патолі. Але крыніца жывой вады высахла, а новай знайсьці ня меў ён ужо сілы.

∗          ∗

Уміраў маладым… Заясьнеў у жыцьці гэтым на хвіліну — як мэтэор — каб згаснуць на вечнасьць. Яго чало белае мела адцень бязмерна сумны. Хворны румянец на твары, як пурпура заходняга сонца, быў знакам глыбокага цярпеньня: