Старонка:Мая ліра (1924).pdf/111

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ПАДАРОЖНЫ І ЯГО ВОРАГ.

(Аповесьць эвангелічная).

З вялікага места ішоў падарожны —
Нядобрыя людзі яго абступілі,
Адзежу ўсю здзёрлі, да сьмерці прыбілі,
Астаўся адзін ён, нядужы-трывожны.

Яго міма колькі праходняў прайшлося, —
Ніводзін ня бачыў спагадлівым вокам
Таго нешчасьліўца. Ен відзеў здалёку
Іх зімныя сэрцы… Мярці асталося!..

А быў яго вораг адзін. Той убачыў
Ахвяру зладзейства людзкога крываву;
Занёс да заезду і плату назначыў
За зёлкі, дагляд, за пастой і за страву.

Вясёлы, шчасьлівы пайшоў ён дамоўкі,
Падзячную песьню анёлы зайгралі,
Жалейкі, стакроткі схілілі галоўкі,
Патольныя словы улёсна шапталі…

Так кожны чын добры душу ажыўляе
Таёмным вясельлем, нябескай патольлю:
І зоркі нам сьвецяць і лес нам іграе,
Бо меней на сьвеце нядолі і болю.