Старонка:Мая ліра (1924).pdf/107

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Пагусьцеў зазелянеўшы,
Пекна у гару падрос;
Дзед стручок маленькі зьеўшы,
З дзіва галавой патрос.

Толькі зірк — аж чорт рагаты
З-за куста прад ім шмыгнуў.
„Чый гарох жарэш, мардаты?“
Дзеду так ён усклікнуў,

Дзеду тут аж мокра стала,
Так спалохаўся бядак,
Нешта ў сэрцы засмактала,
Бо прыпомніў, што і як.

А чорт сьмехам заліваўся!
„Помніш — кажа — як той раз
„На ўвесь сьвет ты праклінаўся,
„Даў гарох мне на папас!

Мужык пальцам у лоб стукнуў:
„Тож ня дар, калі папас,
„Мала, што там ў злосьці гукнуў,
„А хто ж быў тады пры нас?