Старонка:Маладняк за пяць гадоў. 1923—1928 (1928).pdf/99

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Можна заўважыць, што ўсе апавяданьні ў зборніку М. Лынькова напісаны па дзьвюх пэўных схэмах. Па першай схэме напісаны апавяданьні „Чыгунныя песьні“, „Крот“, „Гой“, і „Гома“. У гэтай схэме зазвычай маем: бацькоў, дачку, каханка, змаганьне чырвоных з белымі, паходны быт чырвонаармейцаў, драматычную разьвязку і лірычнае заканчэньне. Бацька бывае добры (стрэлачнік), нядобры (Зяленскі), добры, але несьвядомы (Мотэль). Маці заўсёды бывае паказана менш выразна, чым бацька. Дачка найчасьцей добрая (Арынка, Яніна, Рыва), толькі ў адным выпадку троху добрая, троху нядобрая (Лэя). Каханак заўсёды добры (нейкі Алесь, што паказаны ў Арынкіных думках, потым аўтар ці асоба, ад якой вядзецца апавяданьне, далей — шчасьлівы Міхась, нарэшце — нешчасьлівы Гома). Разьвязка залежыць ад змаганьня чырвоных з белымі (у схэме апав. „Гома“ месца чырвоных займае Гома і яго бацька, а месца белых — мясьнік Хаім і Лэіны бацькі; у апав. „Гой“ змаганьне вядзецца ўжо часткаю і на культурна-бытавым фронце). Калі перамагаюць белыя — разьвязка трагічная, калі чырвоныя — разьвязка шчасьлівая. Заканчэньне выконваецца зазвычай рэволюцыйнай фразеолёгіяй або якім чулым абразком. Па другой схэме напісана толькі адно апавяданьне „Над Бугам“. Але і ў гэтай другой схэме шмат момантаў агульных дзеля абедзьвюх схэм (белыя — чырвоныя; паходны быт чырвоных; Васька Шкетаў і яго каханка; Іван і яго жонка; трагічная разьвязка; чулы абразок на заканчэньне).