Старонка:Маладняк за пяць гадоў. 1923—1928 (1928).pdf/100

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

У зборніку ёсьць вельмі ўдалыя месцы, напрыклад, пра гузік (стар. 36): „Іван шые старанна, аж пот выступае на лысіне, але-ж гузік цяпер не адарвеш поўротай салдат, прышыў гузік навек, штаны падзяруцца, а гузік цэлы будзе“. Але залішняя любоў да стылізацыі даводзіць аўтара да лішне квятлівых сказаў, напрыклад (стар. 29): „Закрыеш вочы — і дзіўныя вобразы адзін за адным лунаюць у карагодзе бясконцым, у карагодзе, сатканым з красак стагодзьдзяў, з магутных подыхаў людзкой грамады, з вобразаў даўно мінулых дзён, прашумеўшых з жалезнага рокату расквітаючых дзён будучыні, з чалавечых дум і жаданьняў…“

У мове Лынькова шмат расіянізмаў і неўласьцівых народнай і поэтычна-літаратурнай беларускай мове дзеяпрыметнікаў, родных склонаў для паказаньня прыналежнасьці (шапка бацькі) і г. д.

З апошніх твораў Лынькова вельмі маляўніча напісаны і ўзорна скампанаваны абразок „Беня-балагол“ (друкаваўся ў літаратурным дадатку да „Савецкае Беларусі“).

Валеры Маракоў. Нарадзіўся 14 сакавіка (ст. ст.) 1909 г. ў вёсцы Акалёнія, шэсьць вёрст пад Менскам. Бацька — расіец, родам з вёскі Азяроўка, Холмскага павету, Пскоўскае губэрні, быў меншы сын і мусіў шукаць кавалак хлеба ў сьвеце. Ён быў рабочым у Ленінградзе. Маці Валерыя — беларуска, вельмі музычная жанчына, добра сьпявае. У часе імпэрыялістычнае вайны сям‘я Мараковых выяжджала і жыла ў Расіі і на Украіне,