Старонка:Маладняк за пяць гадоў. 1923—1928 (1928).pdf/98

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

туп — „чыгунны“, накіп — „сталёвая“ і г. д… Усё гэта добра дзеля выяўленьня нашае эпохі, эпохі „железных потоков“, але добра — калі ўжываецца на сваім месцы, у належнай меры і ў пэўным жанры. Апавяданьне-ж „Чыгунныя песьні“, хоць і робіць цяпер на нас, сучасьнікаў, моцнае ўражаньне, бо мы самі шмат ведаем аб тым, што хоча сказаць аўтар, але яно, напэўна, ня зможа памастацку ўзрушыць нават трошку пазьнейшага за нас чытальніка, якому патрэбна будзе ня столькі фразэолёгія, колькі належная ў гэтым жанры апавядальнасьць і апісальнасьць.

Лепшае, найбольш вытрыманае апавяданьне ў зборніку — трэцяе, „Над Бугам“. Аўтар добра ведае і ўмее паказаць паходны быт чырвонаармейцаў, памастацку дае іхнія размовы, трапна выяўляе адносіны іх адзін да аднаго. Аўтар не ідэалізуе чырвонаармейца, а паказвае нам яго такім, якім ён ёсьць у праўдзівым жыцьці. Чытач, па волі аўтара, зжываецца з яго сябрамі-чырвонаармейцамі, пераймаецца іхнімі інтарэсамі, жыве іхнімі надзеямі, — і таму так шкода яму, калі пасьля гэтых надзей, пасьля сьмехаў і жартаў, гінуць яны за вызваленьне пролетарыяту, над далёкім Бугам. Аўтар дае тып чырвонаармейца-селяніна (Ванька разанскі) і тып чырвонаармейца з гораду (Васька Шкетаў, быў кухарам, чалавекам у рэстаўрацыі, басяком, кахаў простытутку). Больш ён цікавіцца Васькаю, але лепш яму удаўся Ванька. У апісаньні драбніц паходнага чырвонаармейскага жыцьця Лынькоў часам пакідае за сабою і Коласа, і Нёманскага, і Зарэцкага.