Старонка:Маладняк за пяць гадоў. 1923—1928 (1928).pdf/83

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

З яго уласных вершаў асабліва вызначаецца верш „Максім Багдановіч“ („Аршанскі маладняк“, № 6, 1927 г.), дзе шмат мастацкай апісальнасьці і шчыра выказанага пачуцьця.

З яго апавяданьняў вызначаецца ў беларускай літаратуры сатырычная новэля з мяшчанскага жыцьця „У маткі за пазухай“ („Аршанскі маладняк“, № 7, 1928 г.). З крытычна-дасьледчых артыкулаў — „Проблемы таленту“ (аб „Сымоне МузыкуЯкуба Коласа, друк. у „Аршанскім маладняку“, № 6, 1927 г.).

Міхась Гольдбэрг. Нарадзіўся 25 сьнежня 1908 г. ў дробна-буржуазнай яўрэйскай сям‘і, у Менску. Выхоўваўся першыя гады ў патрыярхальна-рэлігійных абставінах. Рэволюцыя дала яму комуністычнае выхаваньне. Цяпер Гольдбэрг — студент Беларускага дзярж. унівэрс. і выдатны журналісты. На працягу 1924—26 г. г. быў членам расійскае літаратурнае групы ў Менску „Звенья“, друкаваў свае вершы і нарысы як у альманахах групы, так і ў газэтах. Апошнім часам перайшоў выключна на беларускую мову і ўвайшоў у „Маладняк“. Яго жанры: лісткі з блёк-ноту, газэтныя фэльетоны, мастацкі нарыс, газэтная новэля. Яго тэмы — рабочыя ўскраіны гораду, над якімі запальваюцца першыя агні культурнае рэволюцыі, сельска-гаспадарчая комуна ва ўсёй яе барацьбе новага з старым (ён аб‘ехаў, як корэспондэнт „Зьвязды“, Мазыршчыну, Віцебшчыну, Магілеўшчыну). Памастацку апісвае Гольдбэрг глухія куткі Палесься, дзе ўзыходзяць першыя шнурочкі савецкае руні.