Старонка:Маладняк за пяць гадоў. 1923—1928 (1928).pdf/82

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

паўняе прабел у сучаснай беларускай літаратуры, бо аб гэтым жыцьці, як гэта ня дзіўна, сучасныя беларускія пісьменьнікі напісалі ня шмат. Аповесьць „Варта на Рэйне“ напісана ў 1927 г. Друкавалася яна ў „Росквіце“, № 1, 1928 г. Тут — гісторыя бэрлінскага рабочага з фабрыкі электрычных прылад, на імя Альфрэда Кляйна. Узяўшы гэтую гісторыю, як стрыжань, Гародня ў тым-жа фэльетонна-футурыстычным стылі памастацку апісвае імпэрыялістычную вайну, бэрлінскае жыцьцё, жыцьцё на франтох у былой Расіі, сьмерць, руіны, голад, холад, простытуцыю і г. д. Аповесьцяй з падобным зьместам і з такімі формальна-мастацкімі асаблівасьцямі ў беларускай літаратуры яшчэ ня было.

Юрка Гаўрук. Нарадзіўся 23 красавіка (ст. ст.) 1905 г. ў Слуцку. Сын сталяра. Вучыўся ў гімна ў Слуцку. Скончыў Вышэйшыя літаратурна-мастацкія курсы імя Брусава ў Маскве. Валадае некалькімі эўропэйскімі мовамі. Цяпер — выкладчык беларусазнаўства ў Беларускай дзяржаўнай сельска-гаспадарчай акадэміі ў Горках. Піша вершы, вершаваныя пераклады, апавяданьні, навукова-крытычныя артыкулы і рэцэнзіі. У 1926 г. вышаў асобнаю кніжкаю яго мастацкі нарыс „Вясковыя рыскі“. У 1928 г. вышаў яго зборнік „Кветкі з чужых палёў“ з перакладамі з Байрона, Шэльлі, Тэньнісона, Лёнгфэло, Уітмэна, Шыльлера, Гётэ, Гейнэ, Кёрнэра, Гюго, Леконт-дэ-Ліля, Бодлера, Вэрлэна, Пэерона, Тор‘е, Петраркі, Кардуччы, Нэгры, Міцкевіча і Бранеўскага.