Старонка:Маладняк за пяць гадоў. 1923—1928 (1928).pdf/72

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Апрача таго, Барашка мае некалькі нарысаў асобнага жанру, гэта — апрацаваньні сюжэтаў з народнай творчасьці, напісаныя поэтычна-стылізаванаю моваю („Замак на возеры“ і інш.).

Алесь Вечар. Нарадзіўся 12 сакавіка (ст. ст) 1905 г. ў в. Малыя Машчыцы, 10 в. на захад ад Слуцку. Бацькі — сяляне. Бацька памёр ад брушнога тыфусу, калі Алесю было месяцаў пяць. Алесь Вечар працаваў на гаспадарцы, быў загадчыкам хаты-чытальні, сакратаром комсамольскае ячэйкі. Год вучыўся ў сельска-гаспадарчым тэхнікуме. Цяпер — студэнт Бел. сельска-гаспадарчай акадэміі ў Горках.

Друкуецца з 1925 г. Піша вершы і апавяданьні, якія зьмяшчаліся, галоўным чынам, у „Аршанскім Маладняку“. Падрыхтаваў зборнік „Кола дзён“.

У сваім першым друкаваным вершы „Дзьве думкі“ („Аршанскі Маладняк“, № 3, 1925 г.) Вечар закранае тую тэму, што навука дапамагае чалавеку вызначаць сваё месца ў жыцьці і ў змаганьні. Ва ўсіх яго вершах — амаль выключна соцыяльныя мотывы.

У вершы „Нашы акорды“ ён аглядае этапы на шляхох пролетарыяту, аглядае пройдзенае і зробленае, услаўляе соцыялістычнае будаўніцтва і выказвае пагарду да буржуазіі. Тут орыгінальная форма: вольны верш, моцныя вобразы і словы, поўнагучча, тут клясыцызм і фабрычны рытм, так сказаць, імкненьне да пролетарскага клясыцызму. Толькі выраз „Білі сьвету старому па мордзе“ — моцны, але грубы. Тон — узвышаны, романтычны і клясычны разам.