Старонка:Маладняк за пяць гадоў. 1923—1928 (1928).pdf/68

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

IX. БІОГРАФІЧНА-КРЫТЫЧНЫ СЛОЎНІК
СУЧАСНЫХ ВЫДАТНЫХ І ТЫПОВЫХ
МАЛАДНЯКОЎЦАЎ

Зіна Бандарына. Нарадзілася ў 1908 г., у Горадні, у сям‘і вайсковага. Была на ўцякацтве ад вайны, З малых год бачыла політычную падпольную працу, перажыла арышт маці, зьверскія зьдзекі палякаў. Вучылася ў беларускім пэдтэхнікуме ў Менску. Была настаўніцай у беларускай школе ў Сібіры (1927 г.). Цяпер працуе ў Гомлі, у рэдакцыі „Палескае Праўды“.

У 1926 г. вышаў зборнік „Вершы“ — яе, Вішнеўскай і Пфляумбаум. Друкуецца ў „Маладняку“, у „Полымі“ і розных выданьнях. Падрыхтавала зборнік вершаў, з іх значная частка — з сібірскімі мотывамі.

У зборніку „Вершы“ (1926 г.) — услаўленьне працы жнеек, успаміны аб няволі і радасьць вызваленьня, соцыяльная радасьць у дзень жаночага сьвята, апяваньне вёскі, мотывы каханьня. Невялічкая поэмка „Галя“ — з жыцьця дзяўчыны-паўстанкі, якая грамадзка-рэволюцыйную павіннасьць ставіць вышэй за сваё каханьне.

Вершы гладкія, мілагучныя.