Старонка:Маладняк за пяць гадоў. 1923—1928 (1928).pdf/48

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ухіл у футурызм, які заўважаўся ў Відука, Прыбыткоўскага, часткова нават у Броўкі, Звонака і некаторых іншых поэтаў, у сучаснай маладнякоўскай поэзіі ня мае ўжо значэньня.

Расійскім конструктывістым спрабуе апошнім часам насьледваць Хведаровіч.

Наогул-жа, у сучаснай поэзіі Маладняка, як і ў поэтаў Узвышша і Полымя, няма цяпер ніякае асаблівае формальна-мастацкае плыні, яскрава выяўленай і новай у параўнаньні з тым, што ўнёс у беларускую поэзію Маладняк у першы пэрыод свайго існаваньня.

Найлепшымі або найбольш характэрнымі поэтамі ў сучасным складзе Маладняка ёсьць: Маракоў, Моркаўка, Трус, Вечар, Фамін, Бандарына, Плаўнік, Хадыка і некаторыя інш.

Маракоў вызначаецца лірычнасьцю, эмоцыянальнаю напружанасьцю і гучальнасьцю сваіх вершаў. У яго шмат пачуцьця, ён любіць яскравыя фарбы і гучаньне. У яго, на жаль, мала соцыяльнага зьместу, вузкае кола вобразаў і даволі простая тэхніка.

Моркаўка вызначаецца большаю глыбынёю думкі, ухілам у філёзофскія разважаньні, любоўю да моцнага вобразу і адшліфаванага вершу. У яго вершах менш гучаньня, чым у Маракова, але музычнасьць у іх даволі вытрыманая. Шкодзіць Моркаўцы часам лішняя выкручанасьць вобразаў і мовы. Ён — соцыялен, але грамадзкіх мотываў у яго творчасьці мала. Філёзофія ў яго ў пэўных момантах ня зусім увязана з сучаснасьцю.