Старонка:Маладняк за пяць гадоў. 1923—1928 (1928).pdf/49

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Вершы Труса вызначаюцца романтычна-рэволюцыйным зьместам і блізкасьцю да народнае творчасьці. Вершы яго лёгкія і даволі плаўныя. Кола мотываў, аднак, у Труса ня вельмі шырокае. Шмат яшчэ на яго творчасьці і розных уплываў — былых маладнякоўцаў, а таксама — Коласа, Шаўчэнкі.

Вечару яшчэ не пашчасьціла дагэтуль выдаць асобнага зборніка, і таму ён пакуль што мала вядомы грамадзтву. А тымчасам ён — даволі самабытны поэта ў сучасным складзе Маладняка. Ён соцыялен і мотывы ў яго зьвязаны з грамадзкай сучаснасьцю. Тэматыка яго даволі значная, а галоўнае — самабытная: увязка жыцьця і навукі, машынізацыя жыцьця, трактарызацыя вёскі і да т. п. Творчасьць яго мажорная, напорыстая. Вершы скампанованы добра, толькі гучаць часам лішне цьвёрда, бяз лірычнае мяккасьці. Навізна формы ўвязваецца ў яго з пэўнаю часткаю клясыцызму.

Фамін — вельмі эмоцыянальны поэта, прычым эмоцыянальнасьць яго зьвязана з грамадзкімі мотывамі. Таксама ўласьцівымі яму зьяўляюцца мотывы каханьня. Вершы даволі музычныя. Поэта яшчэ ня зусім аформіўся.

Бандарына спаміж пясьнярак Маладняка вызначаецца большаю сувязьзю з грамадзкасьцю, з сучаснасьцю і асабліваю шчырасьцю пачуцьця. У яе лірыцы ёсьць часам элемэнт развагі.

У Плаўніка шмат поэтычнае квятлівасьці ў мове і юнацкае настраёвасьці. Верш гладкі і лёгкі, але вобраз пераважае над гучаньнем.