Старонка:Маладняк за пяць гадоў. 1923—1928 (1928).pdf/46

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Алесь Салагуб даў шэраг вершаў з лірыкай астрожнага жыцьця.

Любоў да роднае культуры, жаданьне адрадзіць яе і разьвіць на соцыялістычным шляху — адзін з мотываў у поэтаў-маладнякоўцаў. Гэты мотыў ёсьць У вершах, прысьвечаных літаратурным і інш. юбілеям, або ў вершах, напісаных з прычыны нападаў на беларускую мову з боку розных пшчолкаўцаў і да т. п.

Вершаў з іншакраёвымі вобразамі поэзіі маладнякоўцаў ня шмат. Вершы гэтыя напісаны, галоўным чынам, у часе побыту поэтаў маладнякоўцаў у экскурсіі або ў часе нядоўгага жыцьця — на Каўказе, у Крыме, Ленінградзе, Сібіры, Башкірскай рэспубліцы і г. д. (вершы Брэскай, Відука, Шушкевіча, Гаўрука, Бандарынай, Пфляумбаум і інш.).

Індывідуальныя перажываньні найчасьцей бываюць з каханьнем, прычым каханьне гэтае ў поэтаў філіяльных выданьняў зазвычай больш, калі можна так сказаць, рабоча-сялянскае, з вобразамі працоўнага жыцьця і здаровае, узаемнае і радаснае, а шмат у каго з старэйшых маладнякоўцаў яно — інтэлігенцкае, сантымэнтальнае, часам гістэрычнае, а наогул — з рознай любоўнай бутафорыяй, перанятай ад буржуазных поэтаў.

У некаторых поэтаў трапляюцца ноткі суму і лішне частыя заявы аб тым, што яны не паддадуцца яму, што яны бадзёрыя і г. д. і г. д.

Часам пэўным мотывам у поэтаў-маладнякоўцаў бывае шуканьне новых шляхоў у поэзіі і разважаньні на гэтую тэму.