Старонка:Маладняк за пяць гадоў. 1923—1928 (1928).pdf/45

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

лізму. Алесь Звонак у вершы „Цяпер радней мне гулкі горад“ (1926 г.) кажа:

Хай цяпер радней мне гулкі горад,
Яго вуліц стогалосы гул,
Ўсё-ж я помню, помню я прасторы —
Не пазбыць жытнёвую тугу…

Янка Туміловіч у вершы „Завод“ (1926 г.) піша:

Зазьвінела жалезнае горла,
Песьняй ляскочуць калёсы;
Асілак сталёвы — горнам
Пачаў распаляць новы лёс нам.

Пятрусь Броўка ў вершы „Горад“ (1927 г.) кажа: „Заводы, гудкі і машыны я спазнаў, як калісь васількі… Ён любіць горад таму, што тут людзі з мазалямі і ў сажы „новых дзён нам саткалі зару“, таму, што „для нашае зрэбнае вёскі тут куюцца плугі, лемяшы“.

Заўсёды адгукаюцца маладнякоўцы вершамі, поўнымі запалу і змаганьня на зьдзекі буржуазіі над працоўнымі у краінах імпэрыялізму. Яны пішуць вершы на сьмерць Сако і Ванцэці, на прысуд над Беларускай Грамадою, на перасьледваньні комсамольцаў польскаю ўладаю ў Польшчы і Заходняй Беларусі і г. д. У вершы „Прыдзе час“ Станіслаў Шушкевіч яскравымі фарбамі апісвае сваё мінулае жыцьцё ў „панстве бізуна“ і кажа тое, што зьяўляецца лейт-мотывам у поэзіі маладнякоўцаў аб Заходняй Беларусі:

Асьвятляе шлях для нас адна паходня,
Мэта ў нас таксама ёсьць адна…
Прыдзе час: над пашаю Заходняй
Расьцьвіце Усходняя Зара.