Старонка:Маладняк за пяць гадоў. 1923—1928 (1928).pdf/18

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Сябры Цэнтральнага бюро рабілі выезды на провінцыю, у акруговыя гарады і нават мястэчкі, дзе рабілі даклады аб Маладняку і беларускай культуры, выдавалі на месцы, з сябрамі філій, часопісі, літаратурныя старонкі, насьценныя газэты, знаёміліся на месцы з маладымі літаратурнымі сіламі і організоўвалі іх. Шмат выступленьняў рабілі менскія і акруговыя маладнякоўцы на фабрыках, у чырвонаармейскіх клюбах, школах і г. д. Ня толькі кожны акруговы горад, але і шмат якія мястэчкі бачылі маладнякоўцаў, слухалі іхныя даклады і творы. Такія выезды налічваліся ў першыя два гады існаваньня Маладняка некалькімі дзесяткамі, а выступленьні — сотнямі. Маладнякоўцы ўзварушылі тады ўсю Беларусь, асабліва ўсходнюю яе частку, нядаўна перад гэтым далучаную (у пачатку 1924 г.). Можна сьмела сказаць, што самыя шырокія беларускія масы першы раз пачулі тады сваё мастацкае слова з вуснаў маладнякоўцаў. У гэтым ёсьць вялізная, яшчэ неацэненая заслуга Маладняка. Шмат якія настаўнікі, выкладчыкі беларускае мовы і літаратуры, шчыльней падыходзілі да пролетарскае ідэолёгіі пасьля выступленьняў маладнякоўцаў у іхнай мясцовасьці. Праціўнікі беларусізацыі пасьля гэтых выступленьняў прыціхалі. Рабоча-сялянская моладзь усіх нацыянальнасьцяй БССР пільней бралася за культурную працу і актыўна праводзіла беларусізацыю і працу сярод нацыянальных меншасьцяй.

У сваіх справаздачах на I-ым Усебеларускім зьезьдзе маладнякоўцы, аднак, жаліліся, што ваць-