Старонка:Маладняк за пяць гадоў. 1923—1928 (1928).pdf/17

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

БССР Віцебшчыне і Магілеўшчыне. Так, паводле вестак, часам супярэчных, якія можна было знайсьці ў маладнякоўскіх выданьнях, філіі організоўваліся ў такім парадку: у Маскве — красавік 1924 г., Віцебску — лістапад 1924 г., Полацку — 7 сакавіка 1925 г, Барысаве — 4 красавіка 1925 г., Клімавічах — канец красавіка 1925 г., у Воршы — першая палова траўня 1925 г., Слуцку — травень 1925 г., Бабруйску — травень 1925 г., Гомлі — 1925 г. У Магілеве і Мазыры філіі організаваліся, мусіць, пазьней.

Да I-га зьезду (лістапад 1925 г.), значыцца, праз два гады з часу організацыі, у Маладняку было, як відаць са справаздачы на гэтым зьезьдзе, 12 філій, з якіх некаторыя мелі пры сабе сэкцыі. Склад Маладняка характарызаваўся так: сяброў — 101, кандыдатаў — 89, студыйцаў — 128. У тым ліку было: партыйцаў — 26, комсамольцаў — 92, іншых — 74; з іх: рабочых — 20, сялян — 116, іншых — 55.

Між іншым была спроба ўліць у Маладняк творчыя маладыя сілы Беларусі іншых галін мастацтва. Так пры Віцебскай філіі была сэкцыя вобразнага мастацтва, былі яшчэ музычныя сэкцыі.

Былі тады таксама спробы ўвесьці ў Маладняк літаратурныя організацыі беларускай моладзі іншых нацыянальнасьцяй — яўрэйскай і расійскай.

Цэнтральнае бюро Маладняка дапамагала акругам, пасылаючы туды сваіх працаўнікоў. Часова былі камандыраваны на працу ў акругах і сябры Цэнтральнага бюро.