Старонка:Маладняк за пяць гадоў. 1923—1928 (1928).pdf/126

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

крытыкаў належнае веды і наогул навуковае і мастацкае падрыхтоўкі. Часта ролю крытыкаў бралі на сябе ў адносінах да сваіх таварышоў самі-ж поэты і пісьменьнікі. Галоўны недахоп сучаснае беларускае крытыкі ў тым, што яна, даволі добра разьбіраючыся ў ідэолёгічных якасьцях твору, ня можа даць належнага разгляду з формальна мастацкага боку, што было-б у сучасны момант асабліва карысна і пісьменьніку, і чытачу. Другі недахоп — поўная неналаджанасьць крытычных аддзелаў у сучасных беларускіх часопісях і газэтах. Часта бывае, што малады аўтар ня бачыць крытыкі на свае творы, пішучы год, два і тры. Часта бывае, што які-небудзь твор выклікае шмат рэцэнзій, але ўсе яны толькі пераказваюць яго зьмест і ставяць пытаньне аб яго ідэолёгіі, зусім не закранаючы яго з формальна-мастацкага боку. Крытыка мае выпадковы і аднабокі характар, пераходзячы іншы раз у гурткавыя і групавыя спрэчкі і асабістыя нападкі.

Маладняку асабліва не шанцавала на крытыку. Крытыкі-немаладнякоўцы мала пісалі аб маладнякоўскай творчасьці часам дзеля самых недарэчных прычын, якія тымчасам у беларускіх умовах былі няўхільнай рэчаіснасьцю. Часам усё, што не падабалася маладому аўтару і немаладнякоўскай крытыцы, магло быць залічана — як няпрыхільныя адносіны да Маладняка. Разам з тым, сам Маладняк ня высунуў з сваіх шэрагаў у першы пэрыод існаваньня ніводнага чыстага крытыка, апрача Бабарэкі, дый той пачынаў як пісьменьнік-апавядальнік і толькі