Старонка:Маладняк за пяць гадоў. 1923—1928 (1928).pdf/110

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

пацыі, аб зьдзеках польскіх жаўнераў над беларускім сялянствам, аб паўстанцах, аб вызваленьні Беларусі. Ёсьць тут спробы апісаць горад у самым сучасным, „машынным“ тоне і самымі сучаснымі, „машыннымі“ формальна-мастацкімі прыёмамі (верш „Машыннае раньне“).

У пазьнейшых вершах, друкаваных у розных выданьнях, мы знаходзім працяг тых самых мотываў, толькі піша поэта мацней, асабліва з боку формы. Але ў вершы „Палюбіў я цябе, Беларусь“, ён яшчэ піша аб Беларусі ў сантымэнтальна-народніцкім, архі-нашаніўскім тоне. У вершах „З цыклю „Зарніцы“ — філёзофскія разважаньні аб жыцьці, якое ідзе, мільгае… Ёсьць тут і пра комуну. Тымчасам, піша поэта ў тым сэнсе, што ўсё будзе зьмецена, пылам разьвеецца, думы згараць, толькі-ж — ня зусім… „комуны дасягнуць другія“. І поэта верыць у будучыню і пяе хвалу радасьці жыцьця. У вершы „Калі заход палошчацца ў вазёрах“ такая думка: „шчасьлівы ты, поэт, калі адчуў мэлёдый звоны-словы“. Філёзофія ў Ізраіля Плаўніка набліжаецца, у сваёй сутнасьці, да філёзофіі Аркадзя Моркаўкі.

Агулам, характарызуючы форму ў поэзіі Ізраіля Плаўніка, трэба адзначыць, што ў яго яшчэ няма зусім свайго закончанага стылю. На яго форме адчуваецца ўплыў вершаў Бядулі, часткаю Купалы і Багдановіча, часткаю іншых поэтаў. Але і ў тым, што ён даў, ёсьць ужо свае характарныя рысы. У яго шмат квятлівасьці ў мове і поэтычнае фразэолёгіі. Заўважаецца пэўная вобразная перагрузка.