Перайсці да зместу

Старонка:Максім Багдановіч (Шарахоўскі).pdf/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

даннях. Значным заахвочваючым Максіма Багдановіча да творчасці фактарам была яго паездка на Беларусь у 1911 г. у часе летніх канікул, калі паэт наладзіў блізкія сувязі з беларускімі рэволюцыйна-дэмакратычнымі пісьменнікамі, якія групаваліся вакол «Нашай нівы». Гэтым Максім Багдановіч як-бы аформіў арганізацыйна свой удзел у беларускім нацыянальна-вызваленчым руху ў якасці паплечніка Я. Купалы, Я. Коласа, Цёткі і інш.

Пашырэнне літаратурных сувязей і інтарэсаў не ўскружыла галаву маладому паэту, ён паранейшаму імкнуўся да набыцця вышэйшай адукацыі, бо ў глыбокіх і рознастайных ведах бачыў той грунт, на якім вырастае сапраўдная паэтычная творчасць. У тым жа 1911 г. Максім Багдановіч паступіў у Яраслаўскі Юрыдычны ліцэй. Гэта навучальная установа з яе арыентацыяй на строгую класічную адукацыю не магла цалкам задаволіць запатрабаванняў Максіма Багдановіча. Ён марыў аб блізкай да літаратуры вышэйшай асвеце, хацеў паступіць у Пецярбургскі універсітэт, куды яго запрашаў акадэмік Шахматаў, але гэтаму перашкодзіла адсутнасць матэрыяльных сродкаў для вучобы ў сталіцы. Разам з тым вучоба ў ліцэі мела станоўчае значэнне ў біяграфіі пісьменніка. Апрача ўсяго яна ўгрунтавала ў яго веданне замежных моў: грэчаскай і лацінскай, нямецкай і французскай, што дало яму магчымасць чытаць у арыгінале і перакладаць такіх майстроў мастацкага слова як Гарацый і Овідзій, Верлен, Верхарн і Гейне. Максім Багдановіч быў у блізкіх адносінах з радыкальнай рускай інтэлігенцыяй г. Яраслаўля, заўзята папулярызаваў у дэмакратычным друку беларускую літаратуру, перакладаў Пушкіна, Некрасава і Шэўчэнку.

У часе вучобы ў ліцэі Максім Багдановіч шмат пісаў. Частка яго твораў, напісаных у гэты перыяд і раней, у 1913 г. вышла асобным выданнем у зборніку «Вянок». Гэта было адзінае прыжыццёвае асобнае выданне твораў паэта.

Пасля першай паездкі на Беларусь Максіма Багдановіча з асаблівай сілай цягнула на радзіму. Не дзіва, што неўзабаве пасля сканчэння ліцэя, у 1916 г. мы бачым яго у Мінску, дзе ён паступіў на працу на пасаду сакратара «Губернскага прадавольственнага камітэта». На гэтай пасадзе Багдановіч многа шчыра працаваў па аказанню дапамогі ахвярам першай імперыялістычнай вайны. У той жа час паэт прымаў актыўны ўдзел у беларускім нацыянальна-вызваленчым руху і, вядома, прадаўжаў паэтычную творчасць. Нядоўга давялося Багдановічу працаваць на карысць дэмакратычнай беларускай літаратуры. Сухоты надламалі яго сілы, і 25 мая 1917 г. ён памёр у Ялце ў поўным росквіце творчых сіл.

Максім Багдановіч пачаў сваю літаратурную дзейнасць пасля паражэння рэволюцыі, у гады рэакцыі. Гэтым тлумачыцца той факт, што у яго творчасці значна менш заклікаючых, прасякнутых рэволюцыйнымі матывамі вершаў, чым, скажам, у творчасці Я. Купалы і Я. Коласа перыяда ўздыму рэволюцыі. Але калі параўнаць творчасць гэтых трох паэтаў тых год, калі Максім Багдановіч распачынаў сваю літаратурную дзейнасць, дык пры ўсёй індывідуальнай своеасаблівасці кожнага з іх у выбары і вырашэнні тэм, мы ў іхняй творчасці ўсё-такі знойдзем шмат супольнага, што і зразумела, бо яны належаць да аднаго напрамку ў беларускай літаратуры. Калі прадаўжаць параўнанне, то у паэзіі М. Багдановіча не было такой непасрэднай і шчыльнай сувязі з народным жыццём, з жыццём беларускай працоўнай вёскі, як гэта было у творчасці Я. Купалы і Я. Коласа. М. Багдановіч належыць да тыпу паэтаў-вучоных, і яго паэзія у пэўнай сваёй частцы звязана з кніжнай культурай, з працай над формай верша і засваением для беларускай літаратуры паэтычнай культуры многіх вялікіх майстроў. Пры ўсім