роскашы. На адным з вярблюдаў яны знайшлі вялікі бронзавы чан: суфет браў у ім ванны ў часе дарогі. Хвароба выклікала ў яго вялікі апетыт, ён вёз з сабою велізарную колькасць прыпасаў і віна, рассолаў, мяса, рыбы і мёду і маленькія гаршчэчкі з Комагены, з топленым гусіным шмальцам, пакрытым снегам і рубленай саломай. Іх запас быў вельмі вялікі; яны з’яўляліся з кожнага новаадкрытага каша, і салдаты сустракалі іх смехам, які грымеў, быццам плёск хваляў.
Што-ж да пенсіі наёмнікам, дык яна займала ледзь два плеценых кошыкі; у адным з іх былі нават тыя скураныя кружочкі — разліковыя знакі, якімі рэспубліка карысталася для палягчэння грашовых разрахункаў. Здзіўленым варварам Ганон заявіў, што іх рахункі вельмі заблытаны і старшыні не мелі часу іх разглядзець. Пакуль што пасылаюць ім гэта.
І тады ў адзін момант усё было раскідана, перавернута: і аслюкі, і служкі, насілкі, правізія і паклажа. Салдаты расхапалі манеты са скуры і пачалі закідваць імі Ганона. Ён ледзь узлез верхам на асла; сударгава чапляючыся за шэрсць, з лямантам і плачам, ён пусціўся наўцёкі, разбіты трасянінай, заклікаючы на войска праклёны ўсіх багоў.
І варвары крычалі яму ўслед:
— Ідзі вон, палахлівец, кабан, адкіды Малоха! Згнівай у сваім золаце і балячках! Хутчэй, хутчэй!
Але гнеў варвараў не сціхаў і не мог супакоіцца толькі на гэтым.
— На Карфаген! На Карфаген! — гучэла адусюль.
У адзін момант усё было складзена, асядланы коні, надзета зброя, прышпілены каскі і мечы, і лагер застаўся пустым.
Калі варвары пайшлі, Спендзі аб’ехаў вакол поля конна на кроўным пуніцкім жарабцы, побач з ім ехаў раб, вядучы з сабою трэцяга каня.
Адна толькі палатка заставалася няўбранай. У яе вайшоў Спендзі.
— Уставай, гаспадар, паднімайся, — мы ідзем.
— Куды-ж вы ідзеце? — запытаў Мато.
— На Карфаген, — крыкнуў Спендзі.
Мато ў момант ускочыў на каня, якога трымаў раб каля ўвахода ў палатку.