скура вісела на высахлых членах, як лахманы на голых суках; рукі трэсліся бесперапынным дрыгаценнем; ён ішоў, абапіраючыся на палку з аліўнага дрэва.
Раптам, жахліва крыкнуўшы, ён кінуўся да варвараў; хаваючыся за іх плечы, ён ледзь прамовіў:
— Вось яны, вось яны, — паказваючы на варту суфета, нерухома застыўшую ў сваёй бліскучай зброі: — яны іх забілі.
Пачуўшы воклікі на іх мове, балеары прыбеглі і пазналі ў ім свайго прашчніка Зарксаса. Не адказваючы на іх запытанні, ён паўтараў:
— Так, усіх, усіх забілі, растапталі, як вінаград.
Яму далі выпіць віна, і ён расплакаўся; потым абурана пачаў гаварыць бясконца.
Спендзі ледзь стрымліваў радасць, пераказваючы грэкам і лібійцам поўныя жаху апавяданні Зарксаса, ён ледзь ім верыў, але яны былі вельмі дарэчы. Балеары бляднелі ад гневу, даведаўшыся, як загінулі іх таварышы.
Гэта быў атрад з трох соцень прашчнікаў, якія прыбылі ў Карфаген вапярэдадні выступлення войска наёмнікаў і якія прачнуліся ў гэты дзень вельмі позна. На пляцы Камона яны ўжо не знайшлі войска варвараў і апынуліся безабароннымі, бо іх гліняныя знарады для мятання былі ўкладзены на вярблюдаў і пайшлі з астатнімі абозамі.
Ім далі дайсці да вуліцы Сахеб, да самай брамы, акаванай бронзавымі плітамі, і тут натоўп разарваў іх. Над іх целамі ўсяляк здзекваліся, а ўвечары спалілі на раздарожжах.
Абурэнне салдатаў, якое яны стрымлівалі ў часе апавядання, выбухнула, як навальніца; яны хацелі знішчыць варту разам з суфетам.
Але надзея на атрыманне доўгачаканай расплаты на хвіліну супакоіла іх пал.
Пачуліся галасы:
— Нашы грошы!
Ганон адказаў, што ён прывёз іх.
Варвары не сталі чакаць слуг і самі развязалі кашы. Яны знайшлі ў іх вопраткі з каляровых тканін, губкі, шчоткі, парфуму, палачкі антымону, каб падводзіць вочы, — усе гэта належала варце, набранай з багатых людзей, прывыкшых да