бліжэй да краю тэрасы; і хутка ўсё, што было навокал, знікла з яе вачэй, яна бачыла аднаго толькі Мато. У душы яе зрабілася цішыня, — адкрылася адно з бяздонняў, у якіх увесь свет знікае, пад націскам аднэй адзінай думкі, аднаго ўспаміну, узроку. Чалавек, які да яе крочыў, прыцягваў яе.
Ад яго, апрача вачэй, не засталося нічога чалавечага; гэта быў даўгі касцяк, зусім чырвоны ад крыві; разарваныя путы звісалі ўздоўж бёдраў, але іх нельга было адрозніць ад жылаў на руках, з якіх была садрана скура і мяса; рот быў шырока разяўлены; з вочніц, здавалася, вырывалася два языкі полымя, быццам уздымаючыся да валасоў; — і няшчасны ўсё яшчэ ішоў наперад.
Ён дайшоў якраз да самай тэрасы. Саламбо нахілілася над біламі; гэтыя страшныя вочы ўсё яшчэ любаваліся ёю, і раптам яна зразумела ўсё, што выпакутваў ён дзеля яе. Ён паміраў цяпер, а яна бачыла яго зноў у палатцы на каленах перад ёю, абдымаючым рукамі яе стан, шэпчучым пяшчотныя, ласкавыя словы; яна прагла адчуваць іх яшчэ; пачуць іх зноў; ёй хацелася крычаць з гора.
Мато ніцма ўпаў і больш не рухаўся.
Саламбо амаль непрытомную аднеслі і зноў пасадзілі на трон; жрацы сабраліся навокал яе. Яны віншавалі яе; гэта была яе справа. Усе апладыравалі, стукалі нагамі, выкрыквалі яе імя.
Нехта кінуўся да трупа. Па плашчы і асаблівым нажы за поясам — гэта быў жрэц Малоха.
Адным ударам нажа ён рассек грудзі Мато, вырваў сэрца, палажыў яго на лыжку і, падняўшы ўгару руку, прынёс яго ў афяру заходзячаму сонцу.
Сонца апускалася ў ваду затокі; прамяні яго падалі даўгімі стрэламі на трапечучае, яшчэ жывое чырвонае сэрца. Свяціла апускалася ўсё глыбей у хвалі, па меры таго, як заціхалі біцці сэрца; і з апошнім біццём яго яна схавалася зусім.
Тады па ўсёй прасторы, ад затокі да лагуны, ад пярэсмыка да маяка, ва ўсіх вуліцах, на дахах дамоў і на храмах пачуўся адзіны крык; ён то перапыняўся, то зноў вырастаў; будынкі хісталіся ад яго.
Карфаген быў ахоплен сударагай тытанічная радасці і бязмежнай надзеі.