Светло асляпіла яго; некалькі момантаў ён прастаяў нерухомы. Усе пазналі яго і затрымалі дыханне.
Нарэшце, ён рушыў уперад, першае здзіўленне рассеялася. Мноства рук паднялося над ім і схавала яго.
Да Акропаля вяла лесвіца з шасцюдзесяцю сходкамі. Ён спускаўся, быццам падхоплены вадаспадам з верхавіны гары; відаць было, як ён тры разы скакаў; потым, унізе ён адразу станавіўся на ногі.
Плечы яго былі ў крыві; грудзі ўздрыгвалі, сціснутыя дыханнем; ён рабіў такія намогі, каб парваць свае путы, што рукі яго, звязаныя накрыж на голай спіне, надзьмуваліся, як звенні змяі.
З таго месца, дзе ён апынуўся, перад ім разыходзілася некалькі вуліц. У кожнай з іх працягнутай былі з канца ў канец паралельна тры рады бронзавых ланцугоў, прымацаваных да пупкоў багоў-Патэкаў, якія стаялі на ўсіх скрыжаваннях вуліц; натоўп цясніўся за імі да дамоў, а пасярэдзіне хадзілі служкі і старэйшыны, патрэсваючы бізунамі.
Адзін з іх штурхнуў Мато ўперад, сцебануўшы з усёй сілы. Мато пакорліва пайшоў.
Усе выцягнулі рукі паверх ланцугоў, крычучы, што палонніку пакінулі надта шырокі праход; ён ішоў і бязлікія пальцы вялізарнага натоўпа абмацавалі, калолі, раздзіралі яго; калі ён даходзіў да канца вуліцы, перад ім раскрывалася другая; некалькі раз ён кідаўся ў бок, каб схапіць каго-небудзь зубамі; але ўсе вельмі хутка адскаквалі, ланцугі затрымлівалі яго, і натоўп заліваўся рогатам.
Нейкае дзіцянё разарвала яму вуха; маладзенькая дзяўчына, схаваўшы ў рукаве верацяно, разрэзала яму шчаку; яму вырывалі пасмы валасоў, аддзіралі кавалкамі скуру. З правага боку горла палілася кроў; натоўп лютаваў. Гэты апошні варвар быў для карфагенян уваплачэннем усіх варвараў, усяго паўстаўшага войска; яны помсцілі яму за ўсе свае пакуты, за ўсе перажытыя жахі, за сваю ганьбу. Ярасць натоўпа разгаралася; у занадта нацягнутых ланцугах раскручваліся звенні і ледзь не разрываліся; людзі ўжо не адчувалі ўдараў, якімі рабы іх адганялі, некаторыя чапляліся за выступы дамоў; з усіх адтулін у сценах тырчэлі чалавечыя галовы; і ўсё зло, якое яны ўжо не маглі зрабіць, яны выкрыквалі з лаянкай.