сіні пояс ахопліваў стан, адкрываў яе грудзі, выступаўшыя скрозь прарэзы ў выглядзе паўмесяца, падвескі з карбункула хавалі іх кончыкі. Прычоска з уплеценымі пер’ямі паваў, нібы зоркамі выкладзеная каштоўнымі каменнямі, упрыгожвала яе галаву; шырокі белы, як снег плашч спускаўся назад з яе плеч.
Ніжэй, на другіх сядзеннях змясціўся яе бацька і муж; Нар-Гавас у светлай сімары, у вянку з каменнай солі, адкуль выбіваліся дзьве пасмы валасоў, закручаных, як рогі Амона; і Гамількар у фіялетавай туніцы, расшытай залатымі вінаграднымі галінамі, з баявым мечам ля бядра.
Ззаду Саламбо выстраіліся жрацы Таніты ў белых ільняных вопратках; справа, даўгой залатой паласой працягнуліся тыары старэйшын; з другога боку багатыры са сваімі смарагдавымі скіпетрамі размясціліся такім-жа радам, але зялёнага колеру; а ў глыбіні, жрацы Малоха з-за сваіх чырвоных плашчаў, здаваліся барвянай сцяной. Жрацы астатніх храмаў занялі ніжнія тэрасы. Натоўп запоўніў вуліцы. Людзі ўзлазілі на дамы і цясніліся доўгімі радамі да верхавіны Акропаля.
Увесь народ сабраўся ля ног Саламбо, неба блакітнела над яе галавой, навокал разгарнулася бязмежнасць мора, затокі і горы і далёкія правінцыі, а ў самой сярэдзіне праменна-светлая Саламбо здавалася геніем карфагенскай рэспублікі, уваплачэннем яе душы.
Свята павічна было працягвацца ўсю ноч. Рабы, падбіраючы тунікі, хадзілі навокал сталоў на дыбачках, час ад часу грымелі ліры, выконваючы ўрачысты гімн, ці гучэў хор галасоў. Гул натоўпа, незмаўкальны як шум мора, увесь час насіўся навокал і быццам баюкаў сваяасаблівай шырокай гармоніяй; за сталамі ўспаміналі аб балі наёмнікаў, усе аддаваліся марам аб шчасці, сонца пачало спушчацца, і серп месяца ўжо падымаўся на другім баку неба.
Але вось Саламбо, быццам яе нехта аклікнуў, павярнула галаву, натоўп, які не зводзіў з яе вачэй, таксама пачаў глядзець у напрамку яе ўзроку.
На верхавіне Акропаля дзверы цямніцы, высечанай у скале каля самага храма, адчыніліся і ў чорнай дзірцы, на парозе стаў чалавек.
Ён вышаў адтуль сагнуўшыся ўдвое, са збянтэжаным выглядам дзікага звера, знянацку выпушчанага на волю.