У іх былі незвычайна расшыраны зрэнкі і чорныя кругі вакол вачэй, якія дасягалі да нізу вушэй; пасінеўшыя насы тырчэлі паміж запалымі, спярэшчанымі глыбокімі зморшчыкамі шчок, скура на целе адвісла і зрабілася шырокай для цягліц, яна знікла пад пластом аспідна-шэрага пылу, вусны прыліпалі да пажоўклых зубоў, страшэнны смурод зыходзіў ад іх, быццам з адкапаных магілаў, быццам з раптоўна аджыўшых мерцвякоў.
Сярод палаткі, на цыноўцы, куды павінны былі сесці начальнікі, дымілася страва з варанага гарбуза.
Уздрыгаючыся ўсімі членамі, варвары не маглі адарваць ад яе вачэй, і слёзы выступілі ў іх на расніцах. І ўсё-ж яны стараліся ўстрымацца.
Гамількар адвярнуўся ад іх і з нейкім загаварыў. Толькі тады яны кінуліся да стравы, усе разам, і паляглі навокал яе на жыватах. Твары іх моклі ў тлушчы і шум ад сёрбання змешваўся з іх радасным плачам. Хутчэй ад здзіўлення, чым ад жалю, далі ім скончыць ежу.
Потым, калі яны ўсталі, Гамількар знакам загадаў гаварыць чалавеку, які насіў перавязь.
Спёндзі, перапалохаўшыся ў першую хвіліну, хутка аправіўся і пачаў расказваць аб прычыне паўстання, асабліва напіраючы на злачынствы Ганона, выстаўляючы яго галоўным вінявайцам, ведаючы, што ён вораг Гамількара, і стараючыся разжаліць суфета дробязямі перажытых бядот і напамінкамі аб іх былой адданасці. Ён гаварыў доўга, хутка, вельмі хітра і рэзка.
Гамількар адказаў, што прымае іх апраўданні. Значыць, мір будзе заключаны і цяпер ужо назаўсёды. Але ён патрабаваў, каб яму выдалі дзесяць наёмнікаў па яго выбары, без зброі і без тунік.
Яны не чакалі такой міласці. Спендзі ўскрыкнуў:
— О, калі трэба, — мы і дваццаць дамо табе, пане!
— Не, дзесяць даволі, — каротка адказаў Гамількар.
Пасля хуткай нарады, прычым на гэтым асабліва настойваў Спендзі, а Аўтарыт горача ўступіўся за асуджаных таварышоў, яны згадзіліся.
Тады Гамількар сказаў ім:
— Вы, значыцца, і сапраўды начальнікі варвараў і далі клятву за ўсіх?
— Так, — адказалі яны.