І вось тады адбылося тое самае важнае. Сам аканом, высокі і моцны, выскачыў на ганак і схапіў бацьку за шыю, пхаў яго гэтак перад сабою цераз увесь дзядзінец, да самае дарогі, дзе стаялі дваровыя людзі, і некаторыя спачувалі, некаторыя сьмяяліся. Бацька пайшоў, а яна малая бегла за ім і страшны малюнак бацькавае прыніжанасьці не даваў ёй спакою.
— Заўтра пайду папрашу аканоміху, — сказаў спакойна бацька, калі адышліся яны трохі ад двара.
— Ня йдзі.
Яна закрычала немым голасам. Не магла больш выгаварыць ніводнага слова ад сьлёз і вялікае цяжкасьці:
— Чаму? — сказаў бацька, — можа яе ўпрашу, дык як-небудзь і абыдзецца добра.
І, памаўчаўшы, яшчэ сказаў сам сабе:
— Яна, кажуць, ніштаватая кабета, ласкавейшая за яго.
І яшчэ большая крыўда за гэты бацькаў спакой і халодную нявольніцкую разважлівасьць пеканула яе ў сэрца. Бацька-ж гаварыў:
— Давай хлеб, падсілкавацца трохі.
Яны селі на дарозе і Аміля магла толькі сказаць:
— Як ён цябе пхаў цераз увесь двор.
— Што-ж ты зробіш, — адказаў бацька. — Будзе горшая бяда, калі прыдуць ды апошняе забяруць.
І маўчаў. Можа буры кіпелі ў ім на дне душы, але твар яго, грубы, абветраны, быў халодны. І от з таго доўга насіла яна ў сабе страшны роспач: «Можа яму ня зусім моцна балела, як яго ціснулі за шыю, але як гэта ён яго гнуў уніз, пхаў!»