Бацька ішоў гэтак у чужых руках праз увесь дзядзінец, той самы бацька, які заўсёды галодны і спрацованы. Ён пойдзе да аканоміхі, хоць тут зусім ня можна йсьці прасіць — нейкая сіла не дазваляе ісьці зноў прасіць, а загадвае штосьці іншае: пайсьці і ўзяць таго, хто пхаў бацьку і забіць яго, але не адразу, а каб ён мучыўся перад сьмерцю і каб слухаў, як яму будзе яна за скрыўджанага бацьку выгаворваць усю крыўду. Толькі гэта трэба зрабіць, больш нічога ня можна рабіць.
Але нічога гэтага не магла яна тады малая выказаць. Толькі праз колькі ўжо дзён сказала бацьку:
— Тата, набі яго.
Ён зьдзівіўся:
— Каго?
— Аканома.
— Што ты выдумляеш?
І ўсё гэта засталося навек.
Аміля стаяла ўсё ў хаце ні з кім не гаворачы.
— Як ты прышла ад работы? — запытала Андрэіха. — Хіба Бушмара дома няма?
Аміля ўздрыганулася ад чалавечага слова. Яна ўзяла на рукі дзіця і вынесла на двор.
— Гуляй, сынок, гуляй сабе.
— Ты пойдзеш? — запытала дзіця.
— Пайду, сынок.
— Чаму ты пойдзеш?
Яна панясла яго да варот і там паставіла на зямлю.
— Ня йдзі, мама.
— Я прыду… Бяжы ў хату, сынок.