ўсе ў Бушмаравай чыстай хаце на жалобны абед. Вінцэнты прыйшоў з жонкаю, за гаспадыню была Аміля. Бушмар дастаў людзям выпіць. Перад абедам Вінцэнты зрабіў жалобную адправу — засьпяваў зноў «Анял панскі», усе падцягалі. Нават сам Бушмар падаваў свой, як з-пад зямлі, голас.
Спачатку быў ціхі настрой. Бушмараў брат, расчулены і ўзлагоджаны, успомніў свайго хлапчука:
— Бывала адна ўцеха была. Прыедзеш дадому, распрагаеш каня, а ён пад нагамі трэцца, памагаць лезе. Часамі і крыкнеш на яго, і ўшчунеш, калі пасваволіць, але як памёр, дык сам палез-бы лёг на яго месца, абы падняць яго.
На твары яго засьвяцілася чуласьць. Жанкі заплакалі, уцёр сьлёзы і сам Бушмараў брат. Так прайшоў абед. А як вышлі на ганак, каб разыйсьціся, той-жа самы Бушмараў брат не сьцярпеў:
— У мяне адрэзалі палавіну ўсяе зямлі. Але я хоць толькі што на арэнду быў сеў, але о!
Ён ткнуў пальцам на брата.
— О! спрадвеку арэнду плаціў.
— Чаму гэта ня зробіш! — зароў Бушмар.
— Нічога ня зробіш — сам-жа адказаў брат.
— Чаму гэта ня зробіш! — зроў Бушмар.
— Можа што й зробіш, — хітра сказаў Вінцэнты.
V
Меркла ў лясох. Гусьцілася цёплае неба. Адвячорак цадзіў паплаўныя туманы.