Перайсці да зместу

Старонка:Лявон Бушмар (1930).pdf/29

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Рэчка ўлілася ўжо ў свае берагі, цякла ціха, ціха. Магутнасьць вясны жыла ў лясох і ў полі.

Бушмарава постаць чарнелася над рэчкаю.

Ён зноў быў адзін. Брат паехаў дзён праз тры пасьля матчынага пахаваньня. Бушмар-жа яшчэ некалькі дзён, як выбіты з свае каляіны, не задумваўся ні над чым. Аміля каля яго чула сябе ніякава, кожны адвячорак пакідала ў сялібе яго аднаго, начаваць хадзіла ў вёску. Можа таму, што ад Бушмара слова цяпер больш як калі цяжка было выцягнуць.

— Я пакіну служыць тут зараз, — сказала была раз Аміля.

Ён не пачуў, ці так нічога не адказаў.

На змроку высокая постаць узвышалася над рэкавою лукою. Чалавек маўчаў, як і ўсё, што было навокал яго. Доўга стаяла высокая постаць. Змрок пагусьцеў, неба яшчэ не запаліла зораў.

Чалавек азірнуўся і пайшоў паволі назад. Храсткі яго носа варушыліся, бровы зьехалі нізка і зрасьліся.

Маленькая жанчына ішла па траве. У руках яна несла чаравікі, ад работы ружавеў твар. Яна йшла подбегам ад гумна. Вольнай рукою папраўляла валасы і глядзела кудысьці паверх усяго. Яна напаткалася высокаму чалавеку, На адзін момант вочы іх спаткаліся, але чалавек адвярнуўся і пайшоў на высокі ганак. Жаночая постаць прыгнулася ад таго ўзроку мужчыны, больш засьпяшалася. От яна сядзіць на ганку і абуваецца. Марудзіць, абцірае ногі аб мокрую траву. Ціха навокал, нікога нідзе няма. Жанчына ўстала, яна ўжо гатова была йсьці: