Перайсці да зместу

Старонка:Лявон Бушмар (1930).pdf/26

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У яе была трохі надзея на нейкі іншы адказ яго. Пасьля-ж гэтага яна прыкусіла губы і пайшла шпарка. Ён упэўніў сябе, што добра зрабіў, напусьціў на сябе весялосьць, выбраўся на пару дзён да таго самага стрэчнага брата. Цяпер ён увесь аддаўся аднаўленьню свае паскубленае гаспадарскае мярлогі.

Аміля-ж, можа й на злосьць Бушмару, паслухала яго рады. Чалавек знайшоўся ня кепскі. Яна пайшла замуж праз месяцаў чатыры пасьля апошняга свайго прыходу да Бушмара. Ад гэтага замуства яна нарадзіла сына.

IV

Бушмарава маці яшчэ больш аслабела. Сярод ночы ён вымасьціў сядзеньне ў возе і паехаў па брата. У полі як мае быць асталёўвалася вясна. Раньнія гаспадары пачыналі скародзіць.

Апаўночы было ў полі цёмна і холадна-парна. Бушмар выбіраўся з лагчын паволі. Паўз дарогу бялелі каморніцкія тычкі і межавыя слупы — яшчэ без самога гаспадара Бушмара вёска адціснула яго да самага лесу і ўрэзалася ў яго паплавы.

Ужо ў наступныя дні пасьля прыходу свайго, ён спробаваў непаддавацца. Але гаварыў ён толькі з самімі суседзьмі — мець дачыненьне да начальства, хоць і да самага малога, было для яго горш усялякае пакуты. Ён тады пачынаў заікацца, ад жаданьня выказаць ўсё як ёсьць разам. Блытаў словы, нарэшце змаўкаў і пачынаў спачатку.